» Белавежская пушча з'явілася на старонках новай кнігі «Беларускія скарбы ЮНЕСКА»
Навіны
Нацыянальны парк «Белавежская пушча» ўяўляе сабой адзін з найбуйнейшых лясных масіваў раўніннай Еўропы, які захаваўся да нашых дзён ў адносна непарушаным стане. Яго тэрыторыя падзелена дзяржаўнай мяжой на дзве часткі - беларускую і польскую.
Больш падрабязна

Белавежская пушча з'явілася на старонках новай кнігі «Беларускія скарбы ЮНЕСКА»

18 июля 2018

Пабачыла свет кніга-альбом «Беларускія скарбы ЮНЕСКА», чарговая з серыі ”Культурная спадчына Беларусі”. На трохстах старонках яна распавядае пра беларускія скарбы, уключаныя ў Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэты Спіс фарміруецца ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб ахове Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, прынятай на 17-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 1972 годзе. На сённяшні дзень у яго ўключаны чатыры аб’екты, размешчаныя на беларускай зямлі: Нацыянальны парк «Белавежская пушча», Замкавы комплекс «Мір», Геадэзічная дуга Струвэ, Архітэктурны, культурны і жылы комплекс роду Радзівілаў у Нясвіжы.


Прыемна адзначыць, што Белавежскай пушчы выпала пачэсная роля – адкрываць кнігу. Аб ёй - больш за пяцьдзясят старонак з арыгінальнымі тэкстамі на рускай, беларускай, англійскай і французскай мовах, праілюстраваныя маляўнічымі фата, архіўнымі малюнкамі, картамі. Навуковымі супрацоўнікамі Нацыянальнага парку праведзена вялікая праца, каб у сціслым выглядзе падрыхтаваць матэрыял і з дапамогай беларускага выдавецтва “Чатыры чвэрці” распавесці чытачам аб гісторыі і прыродзе авеянай легендамі Белавежскай пушчы - апошнім старажытным лесе Еўропы. Гэты буйнейшы масіў расліннасці - рэшта некранутых лясоў, якія некалі пакрывалі ўвесь еўрапейскі кантынент. Пушча захавала сваё першабытнае аблічча, населена рэліктавымі супольнасцямі раслін і жывёл. Натуральныя прыродныя працэсы тут працякаюць бесперапынна на працягу тысячагоддзяў. Белавежская пушча - гэта месца, дзе зліваецца дух шматвяковай гісторыі і веліч некранутай прыроды. Гэта гонар беларускай зямлі, адзін з яе нацыянальных сімвалаў і частка Сусветнай спадчыны - зялёная жамчужына, якую беражліва захоўваюць у Беларусі для нашчадкаў.

Нагадаем, Белавежская пушча - адна з самых тытулаваных прыродных тэрыторый у свеце. Яшчэ ў 1979 годзе частка тэрыторыі Белавежскага нацыянальнага парку у Польшчы у ліку першых 12 аб’ектаў была ўключана ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. А 14 снежня 1992 г. Спіс папоўніла і беларуская частка Белавежскай пашчы. Праз год яна атрымала статус біясфернага рэзэрвату ЮНЕСКА. Паўторная намінацыя ў 2014-м аб’яднала абедзве часткі ў адзіны трансгранічны аб’ект Сусветнай спадчыны «Bialowieza Forest». За захаванне прыроднай спадчыны і ўзорнае кіраванне гэтай тэрыторыяй Белавежская пушча з’яўляеца ўладальнікам Дыплома Савета Еўропы.

Спадзяемся, што новая кніга-альбом займе адметнае месца ў калекцыях знаўцаў і аматараў беларускай прыроды і культуры, стане выдатным падарункам наведвальнікам нашай краіны.