» Казка без візы цяпер і ў лепшых беларускіх традыцыях!
Навіны
Нацыянальны парк «Белавежская пушча» ўяўляе сабой адзін з найбуйнейшых лясных масіваў раўніннай Еўропы, які захаваўся да нашых дзён ў адносна непарушаным стане. Яго тэрыторыя падзелена дзяржаўнай мяжой на дзве часткі - беларускую і польскую.
Больш падрабязна

Казка без візы цяпер і ў лепшых беларускіх традыцыях!

30 июля 2018

Больш за 60 тысяч турыстаў за паўгады наведалі рэзідэнцыю беларускага Дзеда Мароза. З іх каля трэці – жыхары 32 краін свету. Пазнаёміцца з беларускім казачнікам прыязджаюць вандроўнікі з Японіі, Кітая, Лацінскай Амерыкі і Еўропы, шмат гасцей з краін СНД і Балтыі.

І ў летні сезон работа ў казачнай рэзідэнцыі галоўнага зімовага чарадзея не спыняецца. Адзін з самых любімых транспартных сродкаў, на якім госці наведваюць Дзядулю Мароза – веласіпеды.

Ля галоўнай брамы ў рэзідэнцыю сустракае прыгожая беларусачка:

– Паглядзіце на стражнікаў у каменных вежах. Сапраўдныя волаты! Волаты ва ўяўленнях беларусаў – гэта першыя людзі на Зямлі.

Легенды, паданні і свая гісторыя казачнай карты Беларусі... У рэзідэнцыі ўпэўнены: ёсць чым уразіць нават самага дасведчанага наведвальніка. Мала хто ведае, але і ў беларусаў ёсць свае ўяўленні аб цудах і выкананні жаданняў. Напрыклад, раней лічылася, што зорак на небе столькі, колькі людзей на Зямлі.

Каля дванаццаці месяцаў яшчэ адна прыгажуня ветліва распавядае:

– Калі нараджаецца чалавек, бог Род запальвае зорку на небе. А калі памірае – зарку гасіць Зніч, бог пахавальнага агню, і яна падае з неба. Падыдзіце да месяца свайго нараджэння, дакраніцеся да яго рукой і загадайце сваё самае запаветнае жаданне. І тонкая нітачка чарадзейства працягнецца да Вашай зорачкі на небе. Калі ласка!

Новая беларускамоўная экскурсія становіцца ўсё больш запатрабаванай.

Цікава пачуць водгукі ад саміх наведвальнікаў:

– Мне было вельмі цікава пазнаёміцца з беларускімі традыцыямі. Даведацца пра легенды, міфы.

– Вельмі спадабалася Памесце беларускага Дзеда Мароза. Асобна спадабалася размова з Дзедам Марозам.

За пятнаццаць гадоў існавання Памесця беларускага чараўніка ў ім пабывалі ўжо каля двух мільёнаў гасцей. З увядзеннем безвізавага ўезду, – адзначаюць турысты, – стала больш зручна. Шмат гасцей – з краіны-суседкі, Польшчы:

– Прыехалі мы убачыць Дзеда Мароза і вальеры з драпежнымі жывёламі. Убычалі шмат ручных звяроў, зубра, мядзведзя. Арганізавалі паездку мы досыць проста: купілі ў інтэрнэце тур, раздрукавалі пропуск і без праблем перасяклі мяжу.

Часцей Беларусь сталі выбіраць і госці з Заходняй Еўропы. Мортан, Джон і Малгажата прыехалі з розных краін. Аб’яднала іх жаданне пазнаёміцца з нашай:

– Я ўжо ў другі раз. У мінулям годзе я быў некалькі дзён у Гродне і манавіта тады вырашыў наведаць і Брэст.

– Я ехаў на аўтобусе з Берліна да Варшавы, а пасля сюды. Гэта мой першы візіт. Я ніколі не бываў тут, але чуў шмат прыемных водгукаў: што людзі тут вельмі прыязныя, вельмі прыгожыя. Гэта цікава для мяне.

– У мяне ёсць веласіпед, і я на ім перасякла мяжу ў Белавежскай пушчы. На веласіпедзе. Я прыехала на два дні. Мне вельмі падабаецца пушча, і ў Польшчы і ў Беларусі я люблю лес, люблю дарогу, і у вас самая смачная ежа!

На Памесці ў сваю чаргу кажуць, што гатовы пазнаёміць з беларускімі казкамі ўсіх гасцей.

Беларускі Дзед Мароз ніколі не хаваецца ад тэлебачання:

– Менавіта тут пятнаццаць гадоў таму назад я вырашыў, што тут пасялюся, тут будзе Памесце беларускага Дзеда Мароза. Менавіта сюды з’яжджаюцца тысячы і тысячы гасцей, менавіта тут заканчваецца шлях Новага года, і ён накіроўваецца на захад. І мы адкрываем гэты шлях. Менавіта тут Снягурачка віншуе ўсіх з Новым годам, менавіта тут загараюцца агні беларускай, самай прыгожай, самай высокай у свеце ёлкі. Менавіта тут мы віншуем усіх нашых жыхароў Рэспублікі Беларусь з Новым годам!

Памесце абяцае, што сёлета ў гонар юбілея падрыхтуе яшчэ больш цудаў, конкурсаў і, нават, прэзентацыю памятніка Новаму году. Усё дзеля гасцей, якіх з павелічэннем тэрміну безвізу, спадзяюцца, стане яшчэ больш.