» Праз 15 гадоў у Белавежскай пушчы ізноў адзначаны нырок-маранка
Навіны
Нацыянальны парк «Белавежская пушча» ўяўляе сабой адзін з найбуйнейшых лясных масіваў раўніннай Еўропы, які захаваўся да нашых дзён ў адносна непарушаным стане. Яго тэрыторыя падзелена дзяржаўнай мяжой на дзве часткі - беларускую і польскую.
Больш падрабязна

Праз 15 гадоў у Белавежскай пушчы ізноў адзначаны нырок-маранка

11 июня 2018

3 чэрвеня 2018 г. на копанцы “Прамежкавы” (побач з дамбай вадасховішча Ляцкое), пры назіранні за водна-балотнымі відамі птушак, адзначаны дзве асобіны (самка і самец) маранкі (Clangula hyemalis).

Маранка – прадстаўнік сямейства качыных, невялікая палярная нырковая качка. Гэты від лягчэй за ўсё вызначаецца па вельмі доўгім і тонкім хвасце самцоў, які ўвесь час знаходзіцца ў прыпаднятым над паверхняй вады стане. Як і ў пераважнай большасці іншых качак, апярэнне самкі і самца значна адрозніваецца. Акрамя таго, унікальнай асаблівасцю гэтага віду з’яўляецца трохразовая (у іншых птушак адзін ці два разы) лінька за год, у выніку чаго качары маюць асаблівыя зімовы, шлюбны і летні ўборы. У самкі можна вылучыць толькі два тыпы апярэння – летні (з мая па жнівень) і зімовы.

Маранка ў Беларусі мае статус “вельмі рэдкі падчас транзітных міграцый від”. Сустрэча з ім стала прыемнай нечаканасцю падчас правядзення арніталагічнага тура “Птушкі першабытнага лесу” для бёрдвотчараў з Бельгіі, якія мелі магчымасць з блізкай адлегласці назіраць за птушкамі і зрабіць шэраг выдатных здымкаў. Раней гэты від адзначалі ў асноўным падчас восеньскай міграцыі альбо ў час зімовак.

Да гэтага маранка ў Белавежскай пушчы фіксаваўся толькі аднойчы – 28 красавіка 2003 года. Тады аднаго самца на вадасховішчы Ляцкое ў зграі чубатай чэрнеці назіраў малодшы навуковы супрацоўнік нацыянальнага парку Андрэй Абрамчук. Назіранне 2003 года было зарэгістравана Беларускай арніта-фаўністычнай камісіяй (БАФК).