» У Белавежскай пушчы пройдзе зімовы “перапіс” вадаплаўных птушак
Навіны
Нацыянальны парк «Белавежская пушча» ўяўляе сабой адзін з найбуйнейшых лясных масіваў раўніннай Еўропы, які захаваўся да нашых дзён ў адносна непарушаным стане. Яго тэрыторыя падзелена дзяржаўнай мяжой на дзве часткі - беларускую і польскую.
Больш падрабязна

У Белавежскай пушчы пройдзе зімовы “перапіс” вадаплаўных птушак

18 января 2019

Улік вадаплаўных птушак – частка агульнарэспубліканскай акцыі, якую ладзяць грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Навукова-практычны цэнтр па біярэсурсах НАН Беларусі.

Навошта?

Дзякуючы супольнаму зімоваму ўліку можна ацаніць колькі і якіх відаў водна-балотных птушак зімуюць у Беларусі.

Сабраная інфармацыя важная як для нацыянальнага парку, так і ў межах нашай краіны і, нават, на сусветным узроўні. А яшчэ падлік птушак – цікавая справа, багатая на незвычайныя сустрэчы. Можна пабачыць птушак, якія звычайна ў нас не зімуюць, а некаторыя і ўвогуле амаль да нас не залятаюць.
Лебеди.jpg
Калі адбудзецца “птушыны перапіс”?

Акцыя па ўліку водных і каляводных птушак, якія засталіся зімаваць у Беларусі, праходзіць на працягу ўсяго студзеня. Для ўліку вельмі зручныя марозныя дні (будзем спадзявацца, што надвор’е хутка зменіцца), бо птушкі будуць збірацца на адкрытых, не зацягнутых лёдам частках вадаёмаў. Найлепш пачынаць ўлік праз 3-4 гадзіны пасля ўзыходу сонца, а закругляцца прыблізна а 15-й гадзіне.

Звяртаем увагу на тое, што наперадзе самыя актыўныя дні ўліковай кампаніі: 18, 19 і 20 студзеня. Нам важна, каб у гэтыя дні выйшла як мага больш людзей. Гэта значна падвышае дакладнасць вынікаў.

Як праводзіць ўлік?

Акрамя спецыялізаваных ўлікаў, якія будуць ладзіцца навуковымі супрацоўнікамі, любы ахвочы можа прагуляцца да бліжэйшага вадаёму ў Белавежскай пушчы ды палічыць, колькі і якіх відаў вадаплаўных і каляводных птушак там знаходзіцца. Можна зрабіць фота (гэта асабліва важна, калі від птушкі не вызначаны). Пасля аб сваіх падліках не пазней за 8 лютага 2019 года трэба паведаміць у навуковы аддзел нацыянальнага парку або даслаць ўсе дадзеныя на npbpby@mail.ru. Дарэчы, на сайце “Ахова птушак Бацькаўшчыны” можна болей даведацца пра Акцыю, правілы запаўнення спецыялізаваных анкет і іншае.

Дзе зараз можна адшукаць вадаплаўных птушак у Белавежская пушчы?

  • Участкі рэк, якія не заўсёды скоўвае лёдам (Лясная Левая, Лясная Правая, Лясная, Нараўка і інш.)

  • Некаторыя меліяратыўныя каналы

  • Месцы скіду вады з вадасховішчаў ды азёраў (Ляцкія, Раманаўцы, Сіпурка)

Нагадваем пра правілы бяспекі – заставайцеся на беразе!