» У птушыных анлайн-сталовак за першы месяц амаль 2 300 гледачоў з 30 краін!
Навіны
Нацыянальны парк «Белавежская пушча» ўяўляе сабой адзін з найбуйнейшых лясных масіваў раўніннай Еўропы, які захаваўся да нашых дзён ў адносна непарушаным стане. Яго тэрыторыя падзелена дзяржаўнай мяжой на дзве часткі - беларускую і польскую.
Больш падрабязна

У птушыных анлайн-сталовак за першы месяц амаль 2 300 гледачоў з 30 краін!

21 января 2019

Як паведамлялася раней, з любога куточку свету можна, не выходзячы з цёплай хаты або офіса, назіраць за птушкамі, якія засталіся зімаваць ў Белавежскай пушчы. Дарэчы, такая мажлівасць з’яўляецца ў Беларусі другі год запар.

Толькі за першы месяц працы (анлайн-трансляцыя пачалася напрыканцы снежня) за птушынымі сталоўкамі пільна сачылі амаль 2 300 гледачоў з 30 краін свету. Акрамя беларускіх карыстальнікаў, якіх аказалася каля 87%, за птушкамі назіралі з суседніх краін – Расіі (3,5%), Украіны (2,6%), Польшчы (2,2%), Чэхіі (1,9%) – прынамсі, менавіта так пакуль выглядае першая пяцёрка краін. Але нямала гледачоў з Еўропы, Азіі, Афрыкі, ёсць нават з Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі – усяго ажно 30 краінаў!

Кожны дзень можна бачыць птушак, якія прылятаюць харчавацца на анлайн-сталоўкі. За ўвесь час трансляцыі на гэты момант адзначана 11 відаў птушак: вялікая і сіняя сініцы, сівая сініца, сойка, палявы верабей, сірыйскі і вялікі дзятлы, чорны дрозд, дрозд-піскун, дрозд шэры і зелянушка! Фактычна кожны дзень прылятаюць ястрабы і вераб’іны сычык, якія ў кадр пакуль што не папалі. Перыядычна наведваюцца казулі, ваверка, каменая куніца...

Круглыя суткі, дзякуючы сайту “Птушкі штодня”, гаспадарам экааграсядзіб “Залессе” і “Вугляны”, Аляксандру Мінічу – сябру грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, анлайн-камеры сочаць за птушкамі ў Белавежскай пушчы. Вельмі магчыма, што, акрамя ўжо зафіксаваных відаў птушак, менавіта вам атрымаецца ўбачыць на сталоўках або побач з імі і іншых. Мяккай зімы нашым птушкам і поспехаў ўсім назіральнікам!

Спасылка на камеры: http://birdwatch.by/stalouka-2019