Агульная працягласць – 19 км
Час на сцежцы – 3 гадзіны
Складанасць маршруту - сярэдняя

Пункты агляду:

  1. Велізарная елка. Елка – тыповае тайговае дрэва, якое ў Белавежскай пушчы часам дасягае фенаменальных памераў і з'яўляецца найболей высакарослым у Беларусі. Дыяметр ствала велічэзнай прыгажуні – амаль 90 см, яе верхавіна знаходзіцца на вышыні больш за 40 метраў, а расце яна тут ужо больш за 200 гадоў. Аднак дрэва зусім не ўнікальна: у Пушчы шмат падобных елак, некаторыя даходзяць да амаль 50 метраў у вышыню і значна перавышаюць гэту па ўзросце..

  2. Лясная сажалка. У розных кутках лесу хаваюцца невялікія вадаёмы. Гэтыя штучныя сажалкі былі выкапаны ў савецкую эпоху, калі Пушча лічылася не толькі запаведнікам, але і ўзорнай паляўнічай гаспадаркай. Усяго сажалак больш паўсотні, а стваралі іх у якасці вадапояў для буйнай дзічыны, а таксама як пажарныя вадаёмы. Праз дзесяцігоддзі тут сфармаваліся дзіўныя супольнасці спецыфічных раслін і жывёл, якія надаюць зялёнаму свету Белавежы яшчэ большую разнастайнасць.

   3. Хвоі-волаты. Дзве велізарныя хвоі каля дарогі адносяцца да ганаровай катэгорыі дрэў-волатаў. Узрост гігантаў з шырокай меднай карой перавышае 250 гадоў, таўшчыня ствалоў каля метра. Дрэвы не рэкордныя, велізарных хвой у Пушчы – сотні. Сустракаюцца асобнікі, якія ўражваюць значна больш. Тым не менш, гэтыя хвоі – наглядны прыклад той прыгажосці і сілы, якімі надзяляе від прырода. У Беларусі нідзе больш няма настолькі магутных і станістых хвой, толькі на Палессі сустракаюцца адзінкавыя асобнікі такіх дрэў.

  4. Нізіннае балота. Даўней па паўднёвай і ўсходняй ускраіне Пушчы цягнуўся ланцужок нізінных балот. Сярод іх былі досыць буйныя балотныя масівы адкрытага тыпу. Апошняе вызначэнне азначае, што зыбкая прорва ніколі не зарастала дрэвам і хмызнякамі – здалёку балоты выглядалі бязмежнымі раскошнымі «палянамі». Большасць гэтых выдатных рэзервуараў жыцця былі асушаны, прычым самы цяжкі ўдар быў нанесены ў XX стагоддзі. Цалкам захавалася толькі пушчанскае балота Дзікае, - ледзь толькі не самае дзікае з падобных у Еўропе. На невялікіх участках былой багны яшчэ можна ўбачыць велізарную колькасць рэдкіх раслін і насякомых, якія ахоўваюцца законам. Участак, размешчаны на маршруце, - характэрны для Пушчы, такія месцы робяць вялікі ўнёсак у біялагічную разнастайнасць прыроднага комплексу.

  5. Дуб-сведка стагоддзяў. Гэтай сведцы мінулага звыш за 300 гадоў. Дуб пачаў расці на ўзнёслым месцы сярод забалочанага лесу яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай. Дыяметр яго ствала цяпер каля 1,3 м, аднак па мерках Пушчы гэта ўсё ж такі «малады» волат. У белавежскіх лясах звыш 1000 (!) гіганцкіх дубоў, па гэтым паказчыку Пушча не мае сабе роўных у Еўропе. Навукоўцы сцвярджаюць, што біялагічная мяжа жыцця дубоў можа дасягаць паўтары тысячы гадоў. Такіх старажылаў у Белавежы няма, магчыма, у тым вінаватыя не толькі людзі, але і стыхія, аднак у запаведных гушчарах і сёння можна ўбачыць калосы ўзростам не меней за 700 гадоў, са стваламі, якія перавышаюць таўшчынёй два метры! Гэта неверагоднае відовішча: бо такія дрэвы памятаюць старажытных паляўнічых з лукамі і стрэламі ў руках… Раскошныя дубы з'яўляюцца сёння адным са знакаў Белавежскай пушчы.

  6. Урочышча «Лавы». Калісьці ў пойме ракі Лясной стаяла сяліба, дзе жылі цэлыя пакаленні спрадвечных пушчанцаў. У 70-я гады мінулага стагоддзя ўлады падзялілі беларускія сёлы на «перспектыўныя» і «неперспектыўныя», пачалося перасяленне жыхароў. Хутар урочышча «Лавы», на руінах якога пасля знаходзілі манеты XVI стагоддзя, як і шматлікія іншыя старадаўнія хутары Пушчы, перастаў існаваць. Цяпер на вялікай паляне – маляўнічае штучнае возера.

  7. Урочышча «Язвы». Прымета ўрочышча – такая ж вялікая паляна. Гэта вельмі цікавае месца. Па-першае, навакольныя лясы з'яўляюцца ўлюбёнай тэрыторыяй зубраў. Па-другое, узрост самой паляны вымяраецца, як неверагодна гэта гучыць, тысячамі гадоў! Тут былі знойдзены каменныя сякеры і іншыя артэфакты старажытнага паселішча, якія датуюцца 6-8 тысячагоддзем да нашай эры.

  8. Дуб, які перамог маланку. Шматлікія старыя дубы Белавежскай пушчы захоўваюць меткі ад удараў маланак. Вядома, за сотні гадоў над імі бушавалі тысячы і тысячы навальніц. Менавіта доўгі час вызначае частату сутыкненняў з жахлівай энергіяй нябёсаў. Магутныя дрэвы становяцца своеасаблівымі «антэнамі», а, дакладней – «маланкапрыёмнікамі». І электрычны разрад знаходзіць іх. У большасці сівых дубоў ідуць працэсы паступовага адмірання стрыжня, ён пры ўдары маланкі хутка выгарае дашчэнту. Аднак часта дрэвы выходзяць пераможцамі – нават з велізарнымі чорнымі дупламі ўсярэдзіне яны яшчэ жывуць досыць доўга.

  9. Дуб з капам. Капамі завуцца нарасты на ствалах дрэў. Яны ўтвараюцца з-за ўкаранення ўсякіх «прышэльцаў». Дрэвы з нарастамі меней каштоўныя для перапрацоўкі, таму ў звычайных лясах яны першымі трапляюць пад санітарныя рубкі. У Белавежскай пушчы ўплыў чалавека вельмі абмежаваны, таму ўбачыць капы тут можна на самых розных дрэвах. Часам гэтыя ўтварэнні перавышаюць памерам 1 метр, а рэдкая вычварнасць іх формаў прымушае падумаць пра лясное «дойлідства». Гэты кап на дубе – звычайная з'ява, дрэва з такім нарастам можа жыць вельмі доўга.

  10. Былая вузкакалейная чыгунка. У 1915 годзе, падчас I Сусветнай вайны, велічэзныя тэрыторыі да захаду ад Буга былі акупаваны Германіяй. Немцы неадкладна ўзяліся за прамысловае засваенне Пушчы.
Выкарыстоўваўшы нявольніцкую працу французскіх і рускіх салдатаў, якія патрапілі ў палон, новыя гаспадары ўсяго за 18 месяцаў аблыталі вялікі лес сеткай вузкакалейных чыгунак працягласцю ў 325 км! Па пуцях бесперапынна хадзілі маленькія паравозы, якія цягнулі платформы з бярвеннем. Да вясны 1918 года акупанты вывезлі 4 500 000 кубаметраў найкаштоўнай драўніны – такіх страт Пушча не бачыла за паўтысячы папярэдніх лёт! Сёння на месцы некаторых вузкакалеек пракладзены асфальтавыя дарогі.

  11. Звярыны пераход. Пушча ўздоўж і ўпоперак ушпіляна звярынымі сцежкамі. Сярод іх ёсць ледзь прыкметныя, а ёсць і вельмі ажыўленыя – напрыклад, гэты пераход, праз аўтамабільную дарогу. Сакрэт «папулярнасці» просты: дарога пракладзена на месцы былой вузкакалейкі, у лагчыне са стромкімі схіламі. Звяры адшукалі самы зручны, больш пакаты спуск уніз і ахвотна карыстаюцца ім. Штодня тут з'яўляецца мноства свежых слядоў казуль, дзікоў і аленяў. Увечары і раніцай цалкам рэальная і сустрэча з дзікімі жыхарамі лесу.

  12. Хвоя з каранёвымі «лапамі». Гіганцкая хвоя з таўшчынёй ствала каля 1,2 м заслугоўвае ўвагі не толькі з-за вялікіх памераў. Ад сваячак яна адрозніваецца формай каранёвых «лап». Яны моцна выдаюцца ў бакі – нібы магутныя апоры для высокай вежы. Так дрэвы лепш укараняюцца ў глебе, у іх больш шанцаў выдужаць нават у наймоцныя буры. Гэта магутная хвоя стаіць ужо больш за 300 гадоў, яе вышыня – 38 метраў.

  13.На лясным скрыжаванні. Скрыжаванне лясных дарог з маляўнічай альтанкай захоўвае кавалачак гісторыі. Уважліваму позірку паблізу ад яе адкрыюцца зараснікі незвычайнага віду чаромхі, кусты шыпшынніка. Вядома, гэтыя расліны прыйшлі сюды не самі: калісьці тут знаходзіўся дом лясніка. Хутчэй за ўсё, сяліба ў глухім лесе з’явілася яшчэ ў саракавыя гады XIX стагоддзя, калі ў Пушчы пачалі секчы шматлікія прасекі, якія падзялілі яе на асобныя кварталы. Затым побач з ім праляглі жалезныя вузкакалейкі, пераўтвораныя зараз у звычайныя дарогі.

  14. Векавы хваёвы лес. Раскошны прыклад старога хваёвага лесу. Сярэдні ўзрост яго дрэў – без малога 200 гадоў. Толькі Белавежская пушча валодае такімі раскошнымі масівамі, нідзе больш у Беларусі іх не знайсці. Шматлікія з гэтых дзіўна прыгожых і велізарных хвой выраслі на месцах, дзе бушаваў гіганцкі, апакаліптычны пажар, які здарыўся ў 1811 годзе, напярэдадні ўварвання войскаў Напалеона. Цяпер гэтыя лясныя прасторы ўяўляюць сабою найкаштоўныя помнікі магутнасці жывой прыроды – бо адрадзіліся яны без усякай дапамогі чалавека.

Тэлефон экстранай дапамогі +375(33)3991921


Схема маршруту