Агульная працягласць – 16 км
Час на сцежцы – 2,5 гадзіны
Складанасць маршруту - сярэдні

Пункты агляду

 1. Чырвоны дуб – вельмі прыгожы, але небяспечны чужынец. Яго радзіма Паўночная Амерыка. У Белавежы дуб з'явіўся ў 20-30-х гадах мінулага стагоддзя, яго высаджвалі каля лясніцтваў як дэкаратыўнае дрэва.
Мінулі дзесяцігоддзі, і пачалося інтэнсіўнае ўварванне «госця» ў спрадвечныя лясы. Чырвоны дуб жыве значна менш за звычайны дуб, затое непераборлівы, а яго насенне хутка разносяць сойкі і вавёркі. Калі ён пачынае распаўсюджвацца, то хутка выцясняе абарыгенныя дрэвы, таму ён прызнаны найболей небяспечным чужародным відам драўняных раслін.

 2. Бяроза з галавой зубра. Вялікія нарасты на ствалах дрэў завуцца капамі. Кап утвараецца, калі ў жывую тканіну ствалоў ці галін укараняюцца нейкія іншародныя арганізмы. Часцей за ўсё ў гэтай ролі выступаюць грыбы. На бярозах капы могуць быць асабліва вялікімі: часам іх памеры ўдвая перавышаюць таўшчыню ствала! Фантазія прыроды ператварае капы ў казачныя творы. Нараст на гэтай бярозе, які нагадвае галаву мацёрага зубра, быў знойдзены больш за 20 гадоў назад. Выдатнае месца для памятных фота.

 3.Дуб-пустэльнік. Некалі на гэтым месцы распасціралася балота. Дуб, які вырас на яго ўскраіне, захаваў у сабе ранейшы ландшафт. Дрэва незвычайнае для лесу: яго карчакаваты сілуэт характэрны для дубоў, якія растуць на адкрытай прасторы. Такія волаты не бываюць занадта высокімі, затое хутка «таўсцеюць». Гэтаму дрэву «ўсяго» 300 гадоў, а дыяметр яго ствала ўжо 1,5 м! Дуб меў тры галоўныя галіны, але ў XX стагоддзі адну з іх зламаў ураган. У ствале адкрылася вялікае дупло, якое з часам засяліла сям'я мурашак-шашаляў. Гэтыя насякомыя з'яўляюцца санітарамі: не чапаючы жывую тканіну, яны перапрацоўваюць адмерлую.

 4. Балота «Татарская багна». «Багнай» у Беларусі і Польшчы завуць гразкія, малапраходныя балоты. Летапісы сведчаць, што ў часы вялікіх мангола-татарскіх нашэсцяў атрады качэўнікаў дабраліся і да Белавежскай пушчы. У XIII стагоддзі тут існавала стаянка татараў, акружаная багнай – балота засцерагала ад раптоўнага нападу славян. Жудасная багна цяпер высахла, зарасла хмызняком і алешынай, але ўвесну «багна» па-ранейшаму непраходная. У астатнюю пару года пра яе нагадваюць высокія купіны і некаторыя балотныя расліны.

 5. Урочышча «Турлюй». Неўзабаве пасля I Сусветнай вайны ў пушчы здарылася некалькі буйных пажараў. Адзін з іх цалкам знішчыў гэтае ўрочышча. У пачатку 30-х гадоў польскія лесаводы, якія былі тады гаспадарамі белавежскага краю, засадзілі велізарную чорную пляму пажарышча высадкамі хвоі. Бедныя пясчаныя глебы не дазволілі дрэвам, якія пачалі там расці, дасягнуць «карабельных» вышынь, і нават зараз васьмідзесяцігадовы лес выглядае, нібы малады трыццацігадовы лес, які рос пры больш спрыяльных умовах.
Тым не менш, «Турлюй» - выдатнае месца для прагулак і збірання грыбоў.

  6. Напад караеда. У вялікай Белавежскай пушчы ёсць даўні вораг. Гаворка ідзе пра насякомае, названае «караед-друкар». Караед, як можна здагадацца, пажырае падкорны пласт дрэў, у першую чаргу іглічных парод.
Маленькі жук часам наносіць Пушчы неверагодныя страты. Зніжэнне ўзроўня грунтавых вод, якое здарылася ў выніку неабдуманай меліярацыі 60-х гадоў мінулага стагоддзя, сур'ёзна паўплывала на прыродны імунітэт дрэў. Напады караеда таму часцей назіраюцца ў засушлівыя летнія сезоны, калі стаіць працяглая спякота. Супрацоўнікі нацыянальнага парку прымаюць усе меры для своечасовай ліквідацыі караедных агменяў.

 7. Былая вузкакалейная чыгунка. У 1915 годзе, падчас I Сусветнай вайны, велічэзныя тэрыторыі да захаду ад Буга былі акупаваны Германіяй. Немцы неадкладна ўзяліся за прамысловае засваенне Пушчы.
Выкарыстоўваўшы нявольніцкую працу французскіх і рускіх салдатаў, якія патрапілі ў палон, новыя гаспадары ўсяго за 18 месяцаў аблыталі вялікі лес сеткай вузкакалейных чыгунак працягласцю 325 км! Сёння на месцы некаторых вузкакалеек пракладзены асфальтавыя дарогі.

 8. Векавы дубовы лес. Адзін з участкаў лесу, які можна смела назваць «Залатым фондам» Пушчы. Тут растуць пераважна шырокаліставыя дрэвы з перавагай дубоў – гэта тыповая карціна старажытных лясоў Цэнтральнай Еўропы. Карані гігантаў, сярэдні ўзрост якіх перавышае 200 гадоў, а шматлікіх – нават 400 гадоў – паглыбляюцца ў асаблівую зямлю, названую навукоўцамі «бурай лясной глебай». На ўсход ад Белавежскай пушчы гэтыя глебы не сустракаюцца нідзе. У старых дубровах, падобных гэтай, засяроджаны самыя багатыя і каштоўныя прыродныя супольнасці раслін і насякомых.

 9. Участак з ляснымі культурамі. У 2002 годзе ў гэтых месцах адбылося масавае ўсыханне елкі, а дрэвы, якія выжылі, паваліў ураган. Супрацоўнікі нацыянальнага парку правялі высадку новых саджанцаў, пасля чаго абнеслі ўчастак плотам, а частку пакінулі адкрытай. Праз гады будзе заўважна, як моцна ўплывае на аднаўленне лесу высокая колькасць аленяў: па-за плотам алені не пакінуць дрэўцам ніякіх шанцаў на выжыванне – парасткі аб'ядаюцца, не паспеўшы падняцца.

 10. Новы лес на месцы высечак. Пушча здаўна з'яўлялася крыніцай будаўнічай драўніны. Усё ж на працягу стагоддзяў уладары вялікага лесу пазбягалі так званых суцэльных рубак, самых зручных для нарыхтоўшчыкаў, але самых бязлітасных для прыроды. Аднак, здаралася, надыходзілі і чорныя часы. Суцэльныя высечкі часоў I Сусветнай вайны, а таксама 20-х гадоў мінулага стагоддзя былі самымі буйнымі лесанарыхтоўкамі ва ўсёй гісторыі Белавежскай Пушчы. Толькі ў перыяд германскай акупацыі 1915-1918 гадоў было вывезена больш лесу, чым за папярэднія 500 гадоў! Затым суцэльнымі высечкамі займаліся палякі. Да шчасця, польскія ўлады імкнуліся змякчыць шкоду ад прамысловай эксплуатацыі Пушчы. На месцы высечак высаджваліся саджанцы хвоі. Частка высечак зарастала сама па сабе – там «вытворны» лес выходзіў змяшаным. Сёння на шырокіх участках зблізку былых вузкакалеек растуць маладыя грабы, асіны, бярозы – гэта жывыя напамінкі пра былыя раны.

 11. Дубы-волаты. Катэгорыю «волатаў» традыцыйна складаюць дрэвы, ствол якіх у сячэнні перавышае 1 метр. Група дубоў, якая расце тут, цалкам падыходзіць пад вызначэнне. Іх сярэдні ўзрост перавышае 250-280 гадоў, ствалы некаторых прыкметна больш тоўстыя за магічную лічбу ў 100 см. У той жа час гэтых волатаў нельга прылічыць да рэдкіх прадстаўнікоў віду: у Белавежскай пушчы налічваецца звыш 1000 дубоў-волатаў!

 12. Ясянёвы лес. Сярод скарбаў Белавежы ясянёвыя лясы займаюць адмысловае месца. Яны, як і старыя дубровы, нагадваюць пра лясы Цэнтральнай Еўропы, у якія амаль зніклі. У іх дамінуюць шырокаліставыя драўняныя пароды. Навукоўцы лічаць ясеннікі вялікай рэдкасцю: справа ў тым, што для іх існавання неабходна вельмі абмежаваная, шмат у чым унікальная камбінацыя экалагічных умоў. Глеба павінна быць вельмі ўрадлівай і, што важна, дакладнай вільготнасці. Калі вады крыху больш - расце алешына, калі крыху менш – месца ясеня займаюць дубы. У ясянёвых лясах Белавежы захоўваецца і надзвычай багатая, спецыфічная флора і фауна.

 13. Чорнаальховы лес. Чорная алешына можа прэтэндаваць на ролю захавальніцы пушчанскіх таямніц. У старадаўнія часы, калі вялікі лес атачала непралазная багна, альховыя зараснікі заваявалі ўсе вільготныя нізіны. З тых часоў альховыя лясы ці, як кажуць ляснікі, ольсы – найменш парушаныя чалавекам раслінныя комплексы. «Цяжкая» для здабычы драўніна рэдка прыцягвала сквапныя позіркі нарыхтоўшчыкаў, а непраходныя нетры нязменна станавілася лепшым сховішчам для звяроў і птушак.

 14. Кармавая паляна. З даўніх часоў паляна служыць «сталовай» для звяр’я, першым чынам аленяў, казуль і дзікоў. Жывёл падкормліваюць сенам і збожжам. Суровыя зімы шматлікім капытным цяжка перажыць без дапамогі егераў. У савецкія гады, калі квітнела «запаведнае» паляванне, падобныя кармавыя паляны ўладкоўваліся ў розных кутках Белавежскай пушчы. Цяпер іх значна менш, колькасць дзікіх жывёл рэгулюецца натуральным шляхам.

 15. Сляды ўрагану. Неверагодныя сляды пакідае ў Белавежскай пушчы стыхія. Хронікі апавядаюць пра жудасныя пажары і шалёныя навальніцы. Калі пажары зараз здараюцца нячаста, то вецер, снег і дождж, як і раней, выпрабоўваюць Пушчу на трываласць. У канцы лютага 2002 года над лесам прамчаўся магутны ўраган. Калі хваля быццам спрасаванага паветра стукнула ў дрэвы, Пушча застагнала і затрашчала. Шквал цалкам знішчыў лес у паласе даўжынёй у 6 км і шырынёй ад 100 да 700 метраў. Векавыя дрэвы валіліся ці ламаліся, як запалкі, на вышыні траціны ствала. Усё працягвалася не больш 10 хвілін. Цяпер велізарная пустэча на месцы былога лесу паступова зарастае маладымі дрэўцамі.

 16. Пагранічная застава. Дзяржаўная мяжа падзяляе Пушчу на беларускую і польскую часткі. На тэрыторыі нацыянальнага парку размешчаны некалькі пагранічных застаў. Адна з іх носіць імя Г.І. Кофанава – аднаго з першых пагранічнікаў, узнагароджанага ордэнам Чырвонай Зоркі, які па-геройску загінуў у Беларусі ў 1939 годзе.

 17. Дарога «Брэст-Белавеж». Пад гладкім асфальтам гэтай дарогі старыя камяні, аб якія высякалі іскры падковы канёў, якія цягнулі дыліжансы і вяльможныя карэты. Найважная для свайго часу дарога, якая злучыла Брэст са сталіцай пушчы – мястэчкам Белавеж, была пабудавана яшчэ ў першай палове XIX стагоддзя. Цяпер старадаўні гасцінец з'яўляецца часткай унутраных дарог пушчы.

 18. Вальеры з жывёламі. Вальеры з дзікімі жывёламі з'яўляюцца адной з галоўных выбітнасцяў Белавежскай пушчы. Цікава, што першы «звярынец» быў створаны ў вялікім лесе яшчэ ў 1841 годзе. Тады ж тут з'явіліся першыя турысты. Цяпер плошча, абгароджаная сеткаватым плотам, складае 20 га. Для жыхароў вальераў створаны ўмовы, максімальная набліжаныя да натуральных.

Тэлефон экстранай дапамогі +375(33)3991921


Схема маршруту