Плошча лесапаляўнічай гаспадаркі «Выганаўская» складае 94,4 тыс. га. 

 Калі Вы жадаеце атрымаць задавальненне ад багатай рыбалкі, адпачыць у гасцініцы ці пажыць у палатцы на беразе возера, пракаціцца на катэры па адным з самых велізарных азёр Беларусі, убачыць характэрныя для ландшафтаў Палесся балоты, паназіраць за рэдкімі відамі птушак, прагуляцца па экалагічных сцежках, адчуць супакаенне ад атачальных пейзажаў, тады Вы абавязкова павінны наведаць лесапаляўнічую гаспадарку «Выганаўская». Гэты куток некранутай прыроды знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці недалёка ад г.п. Целяханы. Плошча гаспадаркі складае 94,4 тыс. га.

 Выганашчанскі лесабалотны прыродны комплекс, размешчаны на водападзельнай тэрыторыі Чарнаморскага і Балтыйскага басейнаў, – адзін з самых буйных у Еўропе, які захаваўся да нашых дзён у натуральным стане. Ён з'яўляецца Ключавой Арніталагічнай Тэрыторыяй, а згодна з Рамсарскай канвенцыяй мае статус водна-балотнага ўгоддзя еўрапейскага значэння. Прастора балот і вільготных лясоў з украпінамі азёр, сухадольных град і выспаў цягнецца тут больш за 70 км з захаду на ўсход і за 40 км – з поўначы на поўдзень.

 Асноўную частку ЛПГ «Выганаўская» займаюць асакова-куп’ёвыя нізінныя і пераходныя тарфяныя балоты, парослыя бярэзнікамі, чорнаальшаннікамі і хвойнікамі. На сухадольных узгорках і градах зрэдку сустракаюцца шырокаліставыя дубровы, грабнякі, ільмоўнікі, кляноўнікі, ліпнякі, а на верхавых балотах – нізкапрадуктыўныя хваёвыя лясы з амаль карлікавымі дрэвамі. Пры вышыні ствала ўсяго толькі ў 10-15 м іх узрост можа дасягаць больш за 300 гадоў.

 Па папярэдніх ацэнках, тэрыторыю ЛПГ «Выганаўская» насяляе больш за 700 відаў вышэйшых сасудзістых раслін. Фауністычная разнастайнасць прадстаўлена 58 відамі млекакормячых, 255 відамі птушак, 7 відамі паўзуноў, 12 відамі земнаводных, больш за 30 відамі рыб. З іх амаль два дзясяткі відаў раслін і 45 відаў фауны ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

 З капытных у лясах звычайныя лось, дзік, алень, казуля. З драпежнікаў – воўк, янотападобны сабака, лісіца, а з баравой дзічыны – глушэц і цецярук. На вадаёмах часта сустракаецца бабёр, выдра, норка, андатра. Угоддзі гаспадаркі ўяўляюць сабою ідэальнае месца для водна-балотнай дзічыны (крыжанкі, нырцоў, бакаса і інш.).

 Упрыгожваннем лесапаляўнічай гаспадаркі з'яўляюцца Выганашчанскае і Бабровіцкае азёры. Яны ўяўляюць сабою рэштку так званага «Ясельдзінскага мора» – велізарнай воднай прасторы плошчай каля 800 тыс. кв. км, якая ўзнікла пры раставанні ледніка. У выніку адтоку вады пасля прарыву рэчышча Прыпяці да Дняпра вадаём знік, а ад яго засталіся толькі адзінкавыя азёры.
Выганашчанскае возера, плошча якога складае 26 кв. км – трэці па плошчы натуральны вадаём Палесся. Яно знаходзіцца на водападзеле рэк Шчара і Ясельда (басейны Нёмана і Дняпра). Пры досыць вялікіх памерах возера плыткае – сярэдняя глыбіня 1,2 м, максімальная – 2,3 м.


 Плошча Бабровіцкага азёры, размешчанага ў басейне ракі Грыўды, складае 9,4 кв. км. Сярэдняя яго глыбіня – 2,5 м, максімальная – 8 м. Азёры вельмі багатыя рыбай. З абарыгенных відаў найболей звычайныя шчупак, акунь, плотка, ёрш, лешч, лін, чырвонапёрка. Пасля зарыблення з'явіліся карп, карась, белы амур, таўсталобік.

 На тэрыторыі гаспадаркі і каля яе меж захавалася нямала месцаў, звязаных як са старажытнай, так і найновай гісторыяй: стаянкі старажытных людзей, розныя археалагічныя аб'екты, Агінскі канал, гідравузел і самыя старыя ў Беларусі (XVIII у.) гідратэхнічныя збудаванні. Тут знаходзіцца самы прадстаўнічы комплекс абарончых фартыфікацый часоў Першай сусветнай вайны, старадаўнія геадэзічныя рэперы, пункт Дугі Струве – аб'екта, уключанага ў спіс Сусветнай Спадчыны чалавецтва, мемарыяльныя месцы Другой сусветнай вайны і іншыя выбітнасці.

 Для пражывання адпачывальнікаў на паўднёвым беразе Выганашчанскага возера маецца гасцініца. Напракат можна ўзяць палаткі і спальныя мяшкі. Для рыбнай лоўлі на беразе абсталяваны спецыяльныя месцы, у аддаленыя пункты лоўлі рыбы дастаўка здзяйсняецца на лодках.

  Арганізуецца камерцыйнае паляванне на дзічыну.