15 января 2018

У Белавежскай пушчы працуе анлайн-трансляцыя на птушынай сталоўцы

Да канца бягучай зімы можна, не выходзячы з цёплай хаты або офіса, назіраць за птушкамі, якія засталіся на зіму ў Белавежскай пушчы. Гэтая ўнікальная для Беларусі магчымасць ажыццявілася дзякуючы сайту “Птушкі штодня”, гаспадарам экааграсядзібы “Залессе” ў аднайменнай пушчанскай вёсачцы, Аляксандру Мінічу - сябру грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і серверу stream360.pl з Польшчы. Цікава тое, што дапамога птушкам узімку ў нашай краіне мае параўнальна доўгія традыцыі – не менш 80 гадоў, а назіраць за сталоўкай з дапамогай інтэрнету і гаджэтаў можна ў Беларусі ўпершыню.

Кожны дзень анлайн можна бачыць птушак, якія прылятаюць харчавацца ў сталоўку з лесу. Ужо паспелі адзначыцца два віды сініц: вялікай і сіняй, рэгулярна наведваюцца палявыя вераб’і, сойка, кавалік, сярэдні дзяцел. Апошні від нячаста атрымліваецца ўбачыць на сталоўцы. Магчыма, што акрамя ўжо пералічаных, менавіта Вам, дзякуючы камеры, атрымаецца ўбачыць і іншых, якіх Вы зможаце адзначыць за час трансляцыі на сталоўцы або побач з ёй.


Мяккай зімы нашым птушкам і ўдачы ўсім назіральнікам!
Спасылка на камеру: http://birdwatch.by/stalouka-2018

Навуковы аддзел