22 мая 2020

У Белавежскай пушчы падвялі вынік сумесных прац па адным з праектаў за 2019 год.

У Нацыянальным парку “Белавежская пушча” сіламі навуковага аддзела даследаванні і працы вядуцца штодзенна. У тым ліку з удзелам розных прыродаахоўных фондаў і арганізацый. Адным з іх з’яўляецца праект, які паспяхова выконваецца з 2013 года, адпаведна Мемарандума аб узаемапаразуменні, які падпісалі наша прыродаахоўная ўстанова, Франкфурцкае заалагічнае таварыства і грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. У 2019 годзе Мемарандум быў падоўжаны яшчэ на пяць гадоў да 2023 года. Мэтамі праекта з’яўляецца распрацоўка навуковых асноў для садзейнічання ўмацаванню запаведнасці, развіццю навуковых даследаванняў у галіне запаведвання, падтрымка прац па ўзнаўленню працэсаў натуральнай дынамікі і павелічэнні статуса Белавежскай пушчы, як важнай запаведнай тэрыторыі на міжнародным узроўні.

Log_frg.png

.Белавежская пушча — буйнейшы масіў расліннасці — рэшта некранутых лясоў, якія некалі пакрывалі ўвесь еўрапейскі кантынент. Пушча захавала сваё першабытнае аблічча, населена рэліктавымі супольнасцямі раслін і жывёл. Натуральныя прыродныя працэсы тут працякаюць бесперапынна на працягу тысячагоддзяў. Адна з задач - захаваць дзікую прыроду такой, як яна мае быць для нас і ўсяго свету. Мінулы год не стаў выключэннем – сумеснымі намаганнямі, у рамках прац па праекце, шмат чаго ўдалося зрабіць... Сваімі думкамі дзеліцца намеснік генеральнага дырэктара НП “Белавежская Пушча” Васіль Арнольбік:

“Вада – гэта жыццё. Здаўна рэкі і балоты паілі векавы белавежскі лес і стваралі перашкоды інтэнсіўнаму выкарыстанню пушчы чалавекам. Распачаліся працы па рэнатуралізацыі рэк – з дапамогай комплекса плацін вярнулі ваду ў старое рэчышча ракі Саломенка. На жаль, людзі шмат чаго змянілі. Інтэнсіўная меліярацыя не абмінула і балота Дзікое – самай тытулаванай прыроднай тэрыторыі Беларусі. Палова балота была страчана ў мінулым стагоддзі, захаваўшаяся частка густа пакрылася сеткай каналаў і спраставаных рэк. Навуковыя даследаванні паказалі вялізнае значэнне комплекса прац, які распачаўся, па аднаўленні гідралагічнага рэжыму. Рэалізацыя толькі першага этапу праз будаўніцтва 25 плацін на ўсходніх ваколіцах балота, дазволіла стварыць буфер паміж балотам і сельскагаспадарчымі землямі, якія інтэнсіўна выкарыстоўваюцца. Балота Дзікое мае вялікае значэнне для Белавежскай пушчы. Апроч усяго, гэта яшчэ і птушыны анклав, месца гнездавання рэдкіх відаў авіяфаўны. Сумеснымі намаганнямі з навуковым аддзелам працягваюца ахова і вывучэнне вяртлявай чаротаўкі і вялікага арляца – відаў птушак, што знаходзяца пад пагрозай знікнення. Не абмінулі навуковыя даследаванні і млекакормячых - праведзена інвентарызацыя паселішчаў барсука – рэдкага “чырвонакніжніка”, працягваецца вывучэнне драпежнікаў і рукакрылых.

Даследаванні ляснога комплексу будуць пакладзеныя ў аснову нашай далейшай практычнай працы. Для гэтага шмат чаго рабілася і робіца. Так, закладзена сетка пастаянных пробных плошчаў на ветравалах у дзьвух лясніцтвах – нам важна разумець, як экасістэмы рэагуюць і на такія прыродныя выклікі. Працягваеца барацьба з інвазіўнымі відамі. Вынікі даследаванняў дапамогуць даказаць,што важна рабіць для аховы прыроды менавіта цяпер, бо заўтра можа быць ужо позна.

Мы не стаім на месцы – пастаянна імкнемся вучыцца і развівацца. У гэтым плане, быў вельмі карыснымй адукацыйны візіт нашых супрацоўнікаў у Нацпаркі “Хайніх” і “Баварскі лес” у Нямеччыне. Працягваеца добрая традыцыя падрыхтоўкі і выдання навуковага зборніка “Белавежская пушча. Даследаванні”. Відавочна, што многія пытанні, узнятыя і рэалізуемыя ў межах гэтага праекта, варта уздымаць на ўзроўні не аднаго нацпарка, а на ўзроўні ўсёй краіны. І мы будзем старацца распаўсюджваць гэты досвед”

Так, шмат чаго зроблена, і, будзем спадзявацца, яшчэ больш працы на карысць апошняга старажытнага лесу Еўропы наперадзе.