Плошча — 150083 га.
Працягласць з поўначы на поўдзень — 65 км.
Працягласць з захаду на ўсход — ад 20 да 52 км.
На тэрыторыі польскай часткі пушчы знаходзіцца Белавежскі нацыянальны парк, плошча якога складае 10 502 га, і землі Дзяржаўных лясоў Польшчы. У беларускай частцы пушчы і на прылеглых землях створаны Нацыянальны парк «Белавежская пушча» плошчай 150083 га. Гэтыя землі знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы і прызначаны для аховы прыроды.
Працягласць нацыянальнага парку з поўначы на поўдзень складае 65 км, а з захаду на ўсход — ад 20 да 52 км. Яго тэрыторыя падзелена ў наш час на 16 лясніцтваў. Акрамя таго, яму падпарадкоўваюцца лесапаляўнічая гаспадарка «Шарашова» плошчай у 11 520 га і лесапаляўнічая гаспадарка «Выганаўская» плошчай 90,9 тыс.га.
Для лепшай аховы і рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў нацыянальнага парку, яго тэрыторыя падзелена на чатыры функцыянальныя зоны. Самы строгі рэжым аховы ў запаведнай зоне, прызначанай для захавання ў натуральным стане прыродных комплексаў. У гэтай зоне забараняюцца ўсе віды дзейнасці, акрамя мерапрыемстваў па ахове і навуковых даследаванняў. Яна займае 38,8% тэрыторыі нацыянальнага парку і складаецца з вялікай часткі высокаўзроставых натуральных лясоў Белавежскай пушчы.
У зоне рэгуляванага выкарыстання (25,3%), прызначанай для захавання прыродных комплексаў і забеспячэння ўмоў іх натуральнага развіцця, магчымыя толькі асобныя віды дзейнасці, а выкарыстанне прыродных рэсурсаў абмежавана.
Рэкрэацыйная зона (5,3%) прызначана для ажыццяўлення турызму і рэкрэацыі, а гаспадарчая (30,6%) — для гаспадарчай дзейнасці, якая не перашкаджае захаванню асабліва ахоўных прыродных комплексаў.
Нацыянальны парк «Белавежская пушча» размешчаны на тэрыторыі трох раёнаў (Камянецкага, Пружанскага, Свіслацкага) і дзвюх абласцей (Гродзенскай і Брэсцкай). Рэльеф тут спадзіста-пагорысты, раўнінныя ўчасткі чаргуюцца з асобнымі ўзвышшамі і паніжэннямі. Вышэйшай кропкай з'яўляецца гара каля в. Поразава (242,5 м), найніжэйшай - зрэз р. Лясная Правая каля в. Хамуціны (143,6 м). Большасць рэк мае шыротную скіраванасць (у тым ліку і найбуйныя: Лясная Правая, Нарэў, Нарэўка) і адносяцца да басейна Балтыйскага мора. Іх вытокі знаходзяцца непасрэдна ў межах ляснога масіва, або ў найбліжэйшых балотах. Зблізку паўночна-усходняй ускраіны пушчы праходзіць водападзел паміж рэкамі басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Там добра захавалася балота Дзікае, якое ў Еўропе з'яўляецца адным з самых буйных нізінных балот мезатрофнага тыпу.
Натуральных азёр на тэрыторыі нацыянальнага парку няма, але ёсць больш 10 штучных вадаёмаў. Самымі вялікімі з іх з'яўляюцца вадасховішчы Лядскае і Хмялеўскае, створаныя на месцы поймы ракі Перавалока ў паўднёвай частцы нацыянальнага парку.
Паводле геабатанічнага раянавання Беларусі, Белавежская пушча размешчана ў Нёманска-Перадпалескай акрузе падзоны грабава-дубова-цёмнахваёвых лясоў і вылучана ў адмысловы Белавежскі раён. Паводле агракліматычнага раянавання, яна знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы паўднёвай агракліматычнай вобласці, якая характарызуецца мяккімі зімамі, найболей працяглым вегетацыйным перыядам і няўстойлівым увільгатненнем.
Паводле дадзеных шматгадовых назіранняў Камянюцкай метэастанцыі, сярэднегадовыя тэмпературы паветра складаюць (5,1°-8,5°C). Сярэднія тэмпературы найболей цёплага месяца (ліпень) складаюць 17,8°, самага халоднага (студзень) -4,4°. Максімальная і мінімальная тэмпературы дасягаюць значэнняў у 36,4° і -40,1°, адпаведна. Ападкаў выпадае каля 659 мм, прычым асноўная іх частка (амаль 66%) прыпадае на цёплы перыяд.