Больш за 60 тысяч турыстаў за паўгода наведалі рэзідэнцыю беларускага Дзеда Мароза. З іх каля трэці – жыхары 32 краін свету. Пазнаёміцца з беларускім казачнікам прыязджаюць вандроўнікі з Японіі, Кітая, Лацінскай Амерыкі і Еўропы, шмат гасцей з краін СНД і Балтыі.
І ў летні сезон работа ў казачнай рэзідэнцыі галоўнага зімовага чарадзея не спыняецца. Адзін з самых любімых транспартных сродкаў, на якім госці наведваюць Дзядулю Мароза – веласіпеды.
Ля галоўнай брамы ў рэзідэнцыю сустракае прыгожая беларусачка:
– Паглядзіце на стражнікаў у каменных вежах. Сапраўдныя волаты! Волаты ва ўяўленнях беларусаў – гэта першыя людзі на Зямлі.
Легенды, паданні і свая гісторыя казачнай карты Беларусі... У рэзідэнцыі ўпэўнены: ёсць чым уразіць нават самага дасведчанага наведвальніка. Мала хто ведае, але і ў беларусаў ёсць свае ўяўленні аб цудах і выкананні жаданняў. Напрыклад, раней лічылася, што зорак на небе столькі, колькі людзей на Зямлі.
Каля дванаццаці месяцаў яшчэ адна прыгажуня ветліва распавядае:
– Калі нараджаецца чалавек, бог Род запальвае зорку на небе. А калі памірае – зарку гасіць Зніч, бог пахавальнага агню, і яна падае з неба. Падыдзіце да месяца свайго нараджэння, дакраніцеся да яго рукой і загадайце сваё самае запаветнае жаданне. І тонкая нітачка чарадзейства працягнецца да Вашай зорачкі на небе. Калі ласка!
Новая беларускамоўная экскурсія становіцца ўсё больш запатрабаванай.
Цікава пачуць водгукі ад саміх наведвальнікаў:
– Мне было вельмі цікава пазнаёміцца з беларускімі традыцыямі. Даведацца пра легенды, міфы.
– Вельмі спадабалася Памесце беларускага Дзеда Мароза. Асобна спадабалася размова з Дзедам Марозам.
За пятнаццаць гадоў існавання Памесця беларускага чараўніка ў ім пабывалі ўжо каля двух мільёнаў гасцей. З увядзеннем безвізавага ўезду, – адзначаюць турысты, – стала больш зручна.
Памесце абяцае, што сёлета ў гонар юбілея падрыхтуе яшчэ больш цудаў, конкурсаў і, нават, прэзентацыю памятніка Новаму году. Усё дзеля гасцей, якіх з павелічэннем тэрміну безвізу, спадзяюцца, стане яшчэ больш.