Маршрут уяўляе сабой экалагічную сцежку, размешчаную ў рэкрэацыйнай зоне паўднёвай частцы нацыянальнага парку "Белавежская пушча". Дарога грунтавая, з нязначнымі падвышэннямі і паніжэннямі рэльефу.
Больш падрабязна
Агульная працягласць – 5,8 км.
Даўжыня маршруту – 5 гадзін.
Праходзіць, галоўным чынам, сярод хваёвых, яловых і чорнаальховых лясоў, якія чаргуюцца з адкрытымі ўчасткамі поймы ракі Правая Лясная, балотамі, невялікімі палянамі і закінутымі садамі. Упрыгожваюць маршрут невялікія штучныя азёры, створаныя ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя для рэгулявання гідралагічнага рэжыму тэрыторыі. Цёмны колер іх вады абумоўлены адкладамі торфу.
1 / 28
Падчас падарожжа можна ўбачыць сапраўдны ўнікум прыроды — больш за 200-гадовы ядловец. На маршруце можна ўбачыць і дзікіх жывёл (казулю, аленя, дзіка, лісіцу), нярэдка можна назіраць драпежных птушак, што лунаюць высока ў небе (часцей за ўсё ястраба і балотнага мышалова).
Увесну ў лесе прыцягваюць увагу белыя дываны кураслепу дуброўнага, ліловыя кветкі сну, блакітныя пералескі, сінія фіялкі і іншыя далікатныя першынцы вясны. У летнюю пару вока цешыць бурнае разнатраўе сенажацяў і балот. І ва ўсе поры года — цішыня і спакой векавога лесу.
У закінутых садах, на месцы былых хутароў, яшчэ захаваліся старыя яблыні. У канцы лета іх пладамі частуюцца лясныя жыхары — дзікі, алені, янотападобныя сабакі і іншыя жывёлы. З лясных ягад на маршруце сустракаюцца чарніцы, маліна, ажына. Бліжэй да восені можна знайсці розныя віды грыбоў.
На возеры Плянта-1, расшыраным і прыстасаваным для адпачынку, можна выкупацца і пазагараць на насыпным пляжы з беласнежным пяском.
На працягу маршруту расстаўлены лаўкі, дзе можна пасядзець у засені дрэў, паслухаць ціўканне птушак, шэпт лісця, вызваліцца ад паўсядзённых спраў і мітусні, пабыць сам-насам з прыродай.