Царская паляна

Ўсім, каму падабаецца падарожнічаць, адкрываць для сябе новыя куткі прыроды, праводзіць вольны час з карысцю для здароўя, хто цікавіцца падзеямі мінулага, — Белавежская пушча дорыць выдатную магчымасць незабыўнага адпачынку.
Агульная працягласць – 10 км
Час на сцежцы – 1,5 гадзіны
Складанасць маршруту - лёгкая

Пункты агляду

1. Чырвоны дуб – вельмі прыгожы, але небяспечны чужынец. Яго радзіма Паўночная Амерыка. У Белавежы дуб з'явіўся ў 20 – 30–х гадах мінулага стагоддзя, яго высаджвалі каля лясніцтваў, як дэкаратыўнае дрэва. Мінулі дзесяцігоддзі, і пачалося інтэнсіўнае ўмяшанне «госця» ў спрадвечныя лясы. Чырвоны дуб жыве значна менш за звычайны дуб, затое ён непераборлівы, а яго насенне хутка разносяць сойкі і вавёркі. Калі ён пачынае распаўсюджвацца, то хутка выцясняе абарыгенныя дрэвы, таму ён прызнаны найболей небяспечным чужародным відам драўняных раслін.

2. Бяроза з «Галавой зубра». Вялікія нарасты на ствалах дрэў называюцца капамі. Кап утвараецца, калі ў жывую тканіну ствалоў ці галін укараняюцца нейкія іншародныя арганізмы. Часцей за ўсё ў гэтай ролі выступаюць грыбы. На бярозах капы могуць быць асабліва вялікімі: часам іх памеры ў два разы перавышаюць таўшчыню ствала! Фантазія прыроды ператварае капы ў казачныя стварэнні. Нараст на гэтай бярозе, які нагадвае галаву мацёрага зубра, быў знойдзены больш за 20 гадоў назад. Выдатнае месца для памятных фатаграфій.

3. Дуб-«пустэльнік». Некалі на гэтым месцы распасціралася балота. Дуб, які вырас на яго ўскраіне, захаваў у сабе ранейшы ландшафт. Дрэва незвычайнае для лесу: яго карчакаваты сілуэт характэрны для дубоў, якія растуць на адкрытай прасторы. Такія волаты не бываюць занадта высокімі, затое хутка «таўсцеюць». Гэтаму дрэву «ўсяго» 300 гадоў, а дыяметр яго ствала ўжо 1,5 м! У дуба былі тры галоўныя галіны, але ў XX стагоддзi адну з іх зламаў ураган. У ствале адкрылася вялікае дупло, якое з часам засяліла сям'я мурашак-шашаляў. Гэтыя насякомыя з'яўляюцца санітарамі: не чапаючы жывую тканіну, яны перапрацоўваюць адмерлую.

4. Балота «Татарская багна». «Багнай» у Беларусі і Польшчы называюць гразкія, малапраходныя балоты. Летапісы сведчаць, што ў часы вялікіх мангола-татарскіх нашэсцяў атрады качэўнікаў дабраліся і да Белавежскай пушчы. У XIII стагоддзi тут існавала стаянка татараў, акружаная багнай – балота засцерагала ад раптоўнага нападу славян. Жудасная багна цяпер высахла, зарасла хмызняком і алешынай, але вясной «багна» па-ранейшаму непраходная.

5. Урочышча «Турлюй». Неўзабаве пасля I Сусветнай вайны ў пушчы здарылася некалькі буйных пажараў. Адзін з іх цалкам знішчыў гэтае ўрочышча. У пачатку 30-х гадоў польскія лесаводы, якія былі тады гаспадарамі белавежскага краю, засадзілі велізарную чорную пляму пажарышча высадкамі хвоі. Бедныя пясчаныя глебы не дазволілі рослым дрэвам дасягнуць «карабельных» вышынь, і нават зараз васьмідзесяцігадовы лес выглядае, нібы малады трыццацігадовы лес, які рос у больш спрыяльных умовах. Тым не менш, «Турлюй» - выдатнае месца для прагулкі і збірання грыбоў.

6. Напад караеда. Вялікая Белавежская пушча мае даўняга ворага. Гаворка ідзе пра насякомае, названае «караед-друкар». Караед, як можна здагадацца, пажырае падкорны пласт дрэў, у першую чаргу хвойных парод. Маленькі жук парой наносіць Пушчы неверагодныя страты. Зніжэнне ўзроўня грунтавых вод, якое здарылася ў выніку неабдуманай меліярацыі 60-х гадоў мінулага стагоддзя, сур'ёзна паўплывала на прыродны імунітэт дрэў. Напады караеда таму часцей назіраюцца ў засушлівыя летнія сезоны, калі стаіць працяглая спякота. Супрацоўнікі нацыянальнага парку прымаюць усе меры для своечасовай ліквідацыі караедных агменяў. На некаторых участках высаджваецца новы лес, некаторыя з іх агароджваюцца, каб свежым параснікам не ласаваліся алені.

7. Былая вузкакалейная чыгунка.. У 1915 годзе, падчас I Сусветнай вайны, велічэзныя тэрыторыі да захаду ад Буга былі акупаваны Германіей. Немцы неадкладна ўзяліся за прамысловае засваенне Пушчы. Выкарыстоўваючы нявольніцкую працу французскіх і рускіх салдатаў, якія патрапілі ў палон, новыя гаспадары ўсяго за 18 месяцаў аблыталі вялікі лес сеткай вузкакалейных чыгунак працягласцю 325 км! Сёння на месцы некаторых вузкакалеек пракладзены асфальтавыя дарогі.

8. Дубы 30-х гадоў. Суцэльныя высечкі часоў I Сусветнай вайны, а таксама 20-х гадоў мінулага стагоддзя былі самымі буйнымі лесазанарыхтоўкамі ва ўсёй гісторыі Белавежскай пушчы. Да шчасця польскія ўлады, якія распараджаліся ёй да 1939 года, імкнуліся змякчыць страты ад прамысловай эксплуатацыі. На месцы высечак высаджваліся сажанцы хвоі і дуба. Частка высечак зарастала сама па сабе – там «вытворны» лес выходзіў больш натуральным. Сёння на шырокіх участках зблізку былых вузкакалеек падняўся новы лес. Пушча сама загойвае ранейшыя раны.

9. Царская паляна. Месца з вельмі незвычайнай гісторыяй. Шырокая паляна ў густым гушчары паўстала як мінімум некалькі стагоддзяў назад. Да нашых дзён дайшлі розныя варыянты яе назваў: «гасцявая», «царская», «каралеўская». Па захаваных звестках, тут арганізаваў паляўнічы банкет кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Потым паляна ператварылася ў месца правядзення банкетаў і багатых штрэкаў (так называюцца паказальныя выкладкі паляўнічых трафеяў) для іншых вяльможаў і іх венцаносных госцяў. У XX стагоддзі традыцыю працягнулі генеральныя сакратары ЦК КПСС і іншыя прадстаўнікі партыйна-савецкай эліты. Сёння ж на Царскай паляне праводзяцца масавыя мерапрыемствы і святы.

10. На лясным скрыжаванні. Скрыжаванне лясных дарог з маляўнічай альтанкай захоўвае кавалачак гісторыі. Уважліваму позірку зблізку яе адкрыюцца зараснікі незвычайнага выгляду чаромхі, кусты шыпшынніка. Вядома, гэтыя расліны прыйшлі сюды не самі: калісьці тут знаходзіўся дом лясніка. Хутчэй за ўсё, сяліба ў глухім лесе з’явілася яшчэ ў саракавыя гады XIX стагоддзя, калі ў Пушчы пачалі секчы шматлікія прасекі, якія падзялілі яе на асобныя кварталы. Затым побач з ім праляглі жалезныя вузкакалейкі, пераўтвораныя зараз у звычайныя дарогі.

11. Векавы хваёвы лес. Пышны прыклад старога хваёвага лесу. Сярэдні ўзрост яго дрэў – без малога 200 гадоў. Толькі Белавежская пушча валодае такімі раскошнымі масівамі, нідзе больш у Беларусі іх не знайсці. Шматлікія з гэтых дзіўна прыгожых і велізарных хвой выраслі на месцах, дзе бушаваў гіганцкі, апакаліптычны пажар, які здарыўся ў 1811 годзе, напярэдадні ўварвання войскаў Напалеона. Цяпер гэтыя лясныя прасторы ўяўляюць сабой найкаштоўныя помнікі магутнасці жывой прыроды – бо адрадзіліся яны без усякай дапамогі чалавека.

12. Велічэзная елка. Елка – тыповае тайговае дрэва, якое ў Белавежскай пушчы часам дасягае фенаменальных памераў. Гэта «елка», напрыклад, магла б да Каляд і Новага года ўпрыгожыць галоўны пляц якога-небудзь мегаполіса: яе верхавіна знаходзіцца на вышыні звыш 40 метраў! Дыяметр ствала велічэзнай прыгажуні – амаль 90 см, а расце яна тут ужо больш за 200 гадоў. Аднак дрэва зусім не унікальнае: у Пушчы шмат падобных елак, некаторыя, дасягаючы амаль 50 метраў у вышыню, значна перавышаюць гэту па ўзросце. У цэлым яловыя лясы складаюць 4% ад усіх лясоў Пушчы, аднак асобныя дрэвы сустракаюцца паўсюль.


Схема маршруту
Што паглядзець
Па зялёным калідоры
Па зялёным калідоры
if(!window.BX)window.BX={};if(!window.BX.message)window.BX.message=function(mess){if(typeof mess==='object'){for(let i in mess) {BX.message[i]=mess[i];} return true;}}; div>