Поры года

Нацыянальны парк «Белавежская пушча» ўяўляе сабой адзін з найбуйных лясных масіваў раўніннай Еўропы, які захаваўся да нашых дзён у адносна непарушаным стане. Яго тэрыторыя падзелена дзяржаўнай мяжой на дзве часткі — беларускую і польскую.
Больш падрабязна

ЧАРОМХАВЫ МЕСЯЦ

Май – апошні месяц вясны. Усё распускаецца, зелянее ды цвіце. Не злічыць нават усіх раслін, якія цвітуць у маі: на балоце – лотаць ды асокі, багун балотны ды буякі, а напрыканцы месяца яшчэ і чарот лясны; у лесе цвітуць чарніцы, суніцы, зоркаўкі. У другой палове месяца раскрывае белыя зорачкі семачок еўрапейскі, з’яўляюцца званочкі ландыша майскага і купены многакветкавай, цвітуць розныя віды гераняў і чыны. Амаль цэлы месяц квітнее адуванчык лекавы, якога ў народзе яшчэ называюць дзьмухаўцом. Убачыць яго можна ўсюды: на лузе, каля дарогі, у садах ды агародах. Дзеці плятуць з яго жоўтых кветак прыгожыя вяночкі і складаюць букеты.

Каля хат i ўздоўж дарог цвіце лілова-ружовы бэз. Вакол каштанаў снуюць розныя насякомыя-апыліцелі. У лесе жоўтым пылком пакрыліся “суквецці” соснаў ды елак, у садах цвітуць вішні, яблыні, грушы, прыемным пахам напаўняюць паветра кветачкі алычы. Сваім водарам прывабліваюць да сябе чаромхі-нявесты, у кронах якіх увечары спяваюць салаўі. Вось чаму май завуць яшчэ чаромхавым месяцам. Якраз у час, калі цвіце чаромха, і здараюцца паўторныя халады – бываюць замаразкi і ідуць дажджы. У гэты час з’ўляюцца камары. Кажуць, калі ў лесе многа камароў, то год будзе багаты на ўраджай чарніц.

Ужо амаль усе дрэвы ахуталіся лістотаю. Толькі дубы-волаты не спяшаюцца апранаць сваё зяленае летняе адзенне: мабыць, баяцца зваротных маразоў. Яны пазней за ўсіх апранаюцца ў лісце, асабліва дрэвы позняй формы развою. На гэтых дрэвах лісце з’яўляецца на два – тры тыдні пазней, чым у ранняй формы.

Вясна… Цудоўная пара. Але і яна не вечная: адцвітаюць розныя садовыя расліны, пачынаюць расці цвёрдыя зялёныя плады. А на некаторых першацветах (чубаткі, раўнаплоднік, гусіная цыбуля, пералеска, падбел) і насенне к сярэдзiне месяца ўжо паспявае. Па гэтых прыкметах можна лічыць, што вясна завяршае сваё панаванне і хутка пачнецца лета – не менш жаданая пара года.

ЦВЕЦЕНЬ, КВЕЦЕНЬ, КРАСАВІК…

Зіма ў гэтым годзе, у параўнанні з папярэднімі, была адносна суроваю, з моцнымі марозамi. Нягледзячы на гэта веснавыя кветкі з канца сакавiка ўжо радуюць сваiм цвіценнем. Больш прыгравае сонейка – і насустрач яму першымі падымаюць свае пяшчотныя твары гусіная цыбуля, пралеска і падбел. Пад ляснымі шатамі шырэй і шырэй разліваецца сапраўднае блакітнае “возера” з пералесак, сярод якога, як жоўтыя, ружовыя, ліловыя “астравы”, выглядаюць іншыя кветкi.

Красавік – месяц масавага цвіцення першацветаў. У гэтым месяцы можна любавацца як цвіце гусіная цыбуля, кураслеп дуброўны і казяльцовы, ліловыя чубаткі. Калі гуляючы па лесе ўважліва глядець пад ногі, нельга не заўважыць, што з-пад леташняга лісця выбіваюцца нейкія нязвыклыя бела-ружовыя сцябліны. Гэта таемнік лускаваты, які яшчэ называюць пятровым крыжам. Гэтая расліна-паразіт пасяляецца на карэннях дрэў, а пасля таго, як адцвіце, – знікае. За гэта і завуць яе таемнікам.
Жоўтым воблакам пылку ахуталіся “коцікі” вербаў, вакол якіх, прывабленыя прыемным пахам, снуюць цэлыя раі насякомых. Раскрывае свае кветачкі-“хамелеоны” медуніца – iх колер змяняецца ў залежнасцi ад стану апылення раслiны; цвіце ажыка, адкрываюцца белыя з лілаватымі пражылкамі кветкі кісліцы. А на балоце цвітуць падвей, лотаць, разнастайныя асокі. Напрыканцы месяца зацвітаюць дрэвы і хмызнякі: бяроза, граб, клен, ясень, чаромха, бузіна чырвоная, парэчкі. У трэцяй дэкадзе месяца зацвітаюць і садовыя расліны – вішня, яблыня, груша ды агрэст звычайны.
Якіх толькі назваў не мае другі месяц вясны: снегагон, бярозазор, квецень, цвецень… Беларускае – красавік, – мабыць, самае адпаведнае. Усё красуецца, ажывае, расплюшчвае свае вочкі кожная пупышка… Не заўважыць гэта проста немагчыма.

КАПРЫЗНЫ “ПЕРШЫНЕЦ” ВЯСНЫ

Надыйшла вясна. Але яе каляндарны пачатак, 1 сакавіка, не заўсёды супадае з пачаткам феналагічнай вясны – з’яўленнем першай зеляніны і цвіценнем падснежнікаў. Таму і існуюць выразы “ранняя” і “позняя” вясна, “дружная” альбо “зацяжная”, пад якімі разумеецца надыход і праходжанне феналагічных змен у жыцці жывой прыроды. Першымі прыкметамі прабуджэння расліннасці ад зімовага сну можна лічыць рух соку ў клёну ды бярозы. Мабыць за гэта першы месяц вясны і атрымаў такую назву – сакавік.
Акрамя каляндарнай і феналагічнай вясны, ёсць яшчэ кліматычная і астранамічная. За пачатак астранамічнай прынята лічыць дзень вясенняга раўнадзенства – 22 сакавіка, а пачаткам кліматычнай – устойлівы пераход да плюсавых тэмператур.
Калі зіма бывае адносна мяккаю і цёплаю, то прыкладна ў другой палове сакавіка набухаюць пупышкі ў некаторых дрэў і хмызнякоў: вольхі чорнай, асіны, ранніх форм парэчак чырвоных і чорных, маліны, ажыны, граба звычайнага, арэшніку, бярозы. У большасці гэтых відаў цвіценне назіраецца яшчэ да распускання лісточкаў. Напрыклад, воўчае лыка можа зацвісці нават у лютым, калі днём усталюецца плюсавая тэмпература.
Адным з першых зацвітае арэшнік. З яго голых галінак звісаюць рыхлыя каташкі – мужчынскія суквецці. Як толькі лёгкі ветрык кране галінку, яна ахутваецца зеленавата-жоўтым воблачкам пылку. Жаночыя кветкі непрыкметныя, вішнёва-малінавыя, у далейшым з іх вырастаюць лясныя арэхі. Услед за арэшнікам распускаюць свае каташкі вольха чорная, асіна, таполя. Асіна і таполя, як і розныя віды вярбы, – двудомныя расліны. Каташкі ў іх на адным дрэвах толькі з мужчынскіх кветак, на другіх – з жаночых. Дарэчы, “мужчынскія” кветкі малінавыя, а “жаночыя” шэра-зялёныя. Суквецці ў многіх відаў закладваюцца яшчэ з лета папярэдняга года.
Мала хто ведае, што ў сакавіку цвіце яшчэ адна расліна – амяла белая. Гэта вечназялёны хмызняк-паўпаразіт, які пасяляецца ў кроне дрэва, часцей за ўсё на бярозе, асіне, таполі ды клёне. Можна ўбачыць яе і на яблыні ў садзе. Распаўсюджваць насенне ёй дапамагаюць птушкі, выціраючы дзюбы аб галінкі дрэў.
З кожным днём усё больш і больш прыгравае сонейка, весела шчабечуць птушкі, усё прабуджаецца, ажывае. Напрыканцы месяцу расплюшчвае свае блакітныя “вочы” пералеска, паварочвае свае залацістыя тварыкі ўслед за сонейкам падбел звычайны. Але, нягледзячы на гэта, давяраць першаму месяцу вясны нельга. Яшчэ могуць быць зваротныя маразы, якія перашкаджаюць паступоваму развіццю расліннасці.

Люты

Хутка бяжыць час. Прыкметна карацеюць ночы і даўжэюць дні. Каляндарная зіма ўжо на зыходзе. Але радавацца пакуль рана: яшчэ пануе апошні яе месяц – люты. Ён хоць і самы кароткі ў годзе, але халодны і студзёны. Менавіта ў лютым мятуць завеі і сцюжы, гуляюць мяцеліцы і завірухі, здараюцца моцныя маразы. Але на змену ім даволі часта прыходзіць і адліга.
Люты – самы снежны месяц. Снегавое покрыва ў гэты час дасягае сваёй максімальнай велічыні. Гэта адбiваецца на жыцці дзікіх жывёл: цяжка здабыць ім сабе правіянт з-пад глыбокага снегу. Асабліва пакутуюць капытныя. Добра, калi на дапамогу iм прыйдзе чалавек – сена пакладзе, зерня насыпле, караняплодаў падкіне…
Закончыўся сязон палявання на звера. У першыя дні лютага праходзіць падлік дзікіх жывёл. Паціху адлятаюць на поўнач пярнатыя зiмовыя госці нашых мясцін – амялушкi, снегіры, шэрыя вароны, паўночныя совы. Пачынаюць граць свае “вяселлі” вавёркі, зайцы, лісы.
Азёры, рэчкі і асабліва невялікія вадаёмы яшчэ закаваны тоўстым пластом лёду. Падводныя жыхары пакутуюць ад недахопу кiслароду і сонечнага цяпла. І тут таксама на дапамогу прыходзіць чалавек – прабівае лункі ў лёдзе, каб не загінула рыба.
Хоць i непрыкметна, але працягваецца феналагічнае развiццё раслін. Пад канец месяца, у залежнасцi ад стану надвор’я, перыяд iх зімовага спакою завяршаецца. Яны ўжо гатовы зелянець і квітнець. У асобныя гады ў самым канцы лютага нават цвiце воўчае лыка, напаўняючы паветра салодкім водарам.
Жыццё лесу ідзе сваёй чаргой – i кожны дзень прыносіць новыя змены. Месяц люты будзiць вясну.

Студзень

ГОДУ ПАЧАТАК – ЗІМЕ СЯРЭДЗІНА

Студзень – сярэдзіна зімы. Як і іншыя месяцы ён мае некалькі назваў: “ледень, січень, стужень”. Усе гэтыя назвы адлюстроўваюць яго няпросты характар: трашчаць моцныя маразы, скаваны ільдом азёры ды рэчкі, мятуць завеі і насыпана многа-многа снегу.
Але ў гэтым годзе першая палова студзеня была цёплаю і без снегу. На пачатку месяца ў лесе яшчэ нават можна было ўбачыць грыбы: апенькі, зялёнкі, падзялёнкі, а дзе-нідзе і лісічкі. Ад незвычайна цёплага надвор’я ў некаторых раслін набухлі пупышкі і, здавалася, што яны вось-вось раскрыюцца, зазелянеюць… Выпаў снег і ўсё адразу змянілася: нібы закалдаваныя стаяць дрэвы, а навокал усё ахутана белаю пярынаю.

Ціха ў зімовым лесе. Жыццё яго жыхароў цяпер як на далоні – галоўнае ведаць “следавы почырк” звяроў і птушак. Вось на ўскрайку лесу туды-сюды напятлялі зайцы. Калі добра прыгледзецца да гэтых слядоў, можна ўбачыць, што яны не аднолькавыя: больш круглыя і шырокія – прабег бяляк, вузкія – русак. Як пад лінеечку роўненькі ланцужок слядоў пакінула лісіца, ідучы на паляванне. Пад соснамі і елкамі раскідана шкарлупінне вылушчаных шышак – гэта вавёрачка карысталася сваімі запасамі. Цэлыя лабірынты хадоў пракладаюць сабе пад снегам мышы, шукаючы пажыву. Час ад часу яны таропка прабягаюць па снезе, каб хутчэй перабрацца на новае месца – трэба быць вельмі асцярожным, каб не трапіць у кіпцюры драпежнікаў. Некаторыя жывёлы, каб перажыць зімовую бяскорміцу, упадаюць у спячку – напрыклад, барсукі, яноты, вожыкі.
Нялёгка даводзіцца зімою звярам і птушкам – мала ежы. Вельмі цяжка здабываць корм з пад снегу аленям і казулям, ласям і зубрам. У гэты час яны цягнуца да чалавека, чакаючы ад яго дапамогі. Людзі раскладваюць сена, раскідваюць караняплоды, рассыпаюць зерне для  жывёл, вывешваюць кармушкі для пярнатых сяброў, куды з ахвотаю прыходзяць падсілкавацца лясныя жыхары.

СНЕЖАНЬ

Вось і надышла зіма. Якіх толькі назваў не мае першы месяц зімы: “студень, хмурень, грудень”… Беларускае – снежань – мабыць, самае адпаведнае. Атрымаў ён гэту назву не проста так. Менавіта ў снежні часцей за ўсё атмасферныя ападкі выпадаюць у выглядзе снегу, ды і такая з’ява як “першы снег” найчасцей бывае напачатку каляндарнай зімы.

Акрамя каляндарнай зімы, існуюць яшчэ кліматычная і астранамічная. За пачатак кліматычнай зімы прынята лічыць пераход да мінусавых тэмператур і ўстойлівага снежнага покрыва. А вось пачаткам астранамічнай зімы лічыцца 22 снежня – дзень зімовага сонцастаяння – самы кароткі дзень і самая доўгая ноч у годзе. У народзе кажуць, што 22 снежня не толькі дзень паварочвае на лета, а зіма на мароз, але і мядзведзь у сваёй бярлозе паварочваецца на другі бок.

У гэтым годзе восень зацяжная, не здае яна пазіцыі, не хоча каб зіма пачала сваё панаванне і пакрыла зямлю святочна-бялюткай пярынаю снегу. А так хочацца, каб крыху прымарозіла, адразу насыпала цэлыя гурбы снегу, пакатацца на лыжах ды санках, пагуляць у снежкі. Але снег патрэбен не толькі для дзіцячай забавы, ён патрэбен і некаторым жыхарам лесу для маскіроўкі. На фоне яго белыя футры гарнастаю, зайца-беляка і ласіцы становяцца непрыкметнымі. Патрэбен снег і для таго, каб не вымерзлі шматгадовыя і азімыя сельскагаспадарчыя культуры, якія прадаўжаюць сваё жыццё і пад снегам. Толькі пры такіх умовах можна чакаць добрага ўраджаю.

Другая палова снежня прыносіць больш пазітыву ў наш настрой. Хутка Новы год і Каляды. Трэба рыхтаваць падарункі, у тым ліку і для пернатых сяброў, што ўсё часцей заглядваюць у акенца, бо пра іх няма каму клапаціцца. Зімою іх чакае шмат выпрабаванняў і нечаканасцей.


ЛІСТАПАД

Позняя восень. Не паспелі азірнуцца – а лістапад ужо паважна ходзіць па двары. Хочаш ці не, але надышоў і яго час панавання.

Нізка плывуць па небе шэрыя хмары, з якіх сыплецца зацяжны дробны дождж, а напоўненую вільгаццю зямлю амаль кожную раніцу ахутваюць густыя туманы, альбо сціскаюць невялікія маразы. Карацеюць дні – і ад гэтага на сэрцы робіцца больш змрочна і сумна.

Лістапад – найбольш халодны і няўтульны месяц восені, а наперадзе яшчэ дажджы і плюхота. Але сёлета ён нібы зжаліўся над прыродаю і падараваў ёй амаль палову сваіх нечакана цёплых дзён.

Сваю назву апошні месяц восені атрымаў ад аднаіменнай феналагічнай з’явы ў жыцці раслін – лістападу. На жаль, атрымаў ён гэту назву крыху са спазненнем, бо лісце з дрэў у асноўным апала, аб чым і гаворыць народная прымаўка, што “у лістападзе гола ў садзе».

У пачатку месяца адлятаюць апошнія чароды качак, і толькі ў небе павольна кружыць адзінокі чорны крумкач, аглядаючы сваё “царства”. Дрэвы стаяць ужо амаль голыя. Толькі волаты-дубы не спяшаюць развітвацца са сваімі заіржавеўшымі лісцёвымі “латамі” – яны заўсёды апошнімі скідаюць сваё “волатаўскае” ўбранне.

Скончыліся сельскагаспадарчыя работы. Дары палёў, садоў і лясоў схаваны ў склепах. І толькі дзе-нідзе ў садах яшчэ вісяць зморшчаныя ветрам і марозам яблычкі і нагадваюць нам пра чырвонае лета.


ВОСЕНЬ ЗАЛАТАЯ

Залатая восень. Кастрычнік. Ён густа агортвае зямлю цёплым і мяккім дываном апалага лісця. Вецер-жартаўнік усё часцей блукае ў кронах дрэў, і нібы спецыяльна адрывае лісток за лісточкам, іголачку за іголачкай. Лістапад мацнее з кожным днём. Ды і надвор’е ў кастрычніку даволі пераменлівае: часцей зацягваецца густымі хмарамі неба і церушыць дробны халодны дожджык, а блёклае восеньскае сонейка ледзь свеціць скрозь хмары. Раніцамі выпадаюць густыя туманы, а замаразкі тонкай скарынкай шкла пакрываюць вільготную зямлю.

Паціху спыняецца жыццё раслін. Ад пастаянных дажджоў цямнеюць сухія травы і апалае лісце. Але, нягледзячы на гэта, маці-прырода гатуе новыя свае падарункі. У лесе растуць асеннія грыбы: апенькі, зялёнкі, падзялёнкі, дзе-нідзе яшчэ можна сустрэць познія сінякі і белыя грыбы. З дубоў, нібы град, сыплюцца жалуды (сёлета іх вельмі шмат). Таму лясным жыхарам, якія застаюцца на зімоўку, бедаваць не прыйдзецца, яны ўжо назапасілі свае кладоўкі на ўсю зіму.

Са смуткам у голасе адлятаюць у вырай апошнія чароды журавоў, шпакоў, гракоў. Накіроўваюца ў цёплыя краіны гусі і дразды-рабіннікі. Далёкая і цяжкая дарога чакае іх. Адны птушкі ляцяць толькі днём, другія – толькі ноччу, а трэція – і днём і ноччу, у дождж і ў вецер. А на змену ім прылятаюць паўночныя “эмігранты” – напрыклад, снегіры, амялушкі і іншыя віды птушак, якія будуць зімаваць у нас.

Многія жыхары лесу на зіму апранаюць больш цёплыя “кажухі” ды “шубы”, а некаторыя, напрыклад заяц-бяляк, вавёрка, ласіца, змяняюць нават колер зімовай вопраткі. Кожная жывёліна па-свойму рыхтуецца да зімы. Хтосьці ўпадае ў здранцвенне, а потым пераходзіць у спячку (змеі, вужы, яшчаркі), некаторыя – адразу ў спячку (лятучыя мышы, вожыкі, янотападобны сабака, барсук). Але большая частка дзікіх жывёл – зубры, дзікія кабаны, алені, касулі, ласі актыўныя на працягу ўсяго года.

Сціхае жыццё і ў вадаёмах. Паціху адміраюць водарасці, марудней рухаецца ў вадзе рыба, а розныя беспазваночныя глыбей хаваюцца ў глей. Зіма ўсё бліжэй…


ПОДЫХ ВОСЕНІ

Паветра становіцца празрысцей, і цяпер кожны верасеньскі дзень прыносіць усё большую і большую прахалоду. Амаль кожную раніцу лугі і поймы рэчак ахутваюцца туманамі, часцей чуваць развітальныя галасы птушак, адлятаючых касякамі ў вырай –гэта навявае лёгкі смутак надыходзячая восень.

На пачатку верасня прырода яшчэ не спяшаецца развітвацца з цяплом. Бабіна лета яшчэ дае магчымасць атрымаць асалоду ад восеньскіх сонечных дзён. Над лугамі і агародамі ляціць павуцінне, чапляючыся за ўсё, што сустракаецца на яго шляху. Уздоўж дарог вабяць вока апошнія суквецці крываўніка і цыкорыі звычайнай, дзе-нідзе на лясной палянцы можна ўбачыць мышыны гарошак, браткі і рамонкі. Ва ўсю моц цвіце верас, напаўняючы лес прыемным водарам. Рознымі адценнямі яркіх фарбаў “загараюцца” дрэвы: беластвольныя прыгажуні бярозкі апранулі залаціста-жоўтыя сарафаны, з якіх усё часцей і часцей зрываюцца лісточкі-“бліскаўкі”. Яшчэ мацней захінуліся ў барвовыя шалі дрыготкія асінкі, а клёны накінулі на свае плечы жоўта-чырвоныя кафтаны. Шчодрасць фарбаў не абмінула і кусты каліны, рабіны, брызгліны, якія, нібы каралі ці завушніцы, упрыгожваюць яркія плады. Паспелі апошнія дары лесу – арэхі і жалуды, зачырванелі журавіны – прыроднае багацце балот. Дзе-нідзе яшчэ можна натрапіць на познюю брусніцу.

Раней за ўсіх набліжэнне восені адчуваюць бяроза, чаромха, вяз, асіна. Плыве па паветры лісце граба, ліпы, арэшніку, яблыні і грушы. Пасля першых асенніх замаразкаў у лесе пачынаецца масавы лістапад, якому спрыяе  парывісты восеньскі вецер. Ён цяпер усё чацей наведваецца ў кроны дрэў, падоўгу шэпчацца з імі, і адзін за другім зрывае пажаўцелыя лісты.


Лясны гранат

Жнівеньскі лес ціхі і цяністы, але такі багаты на падарункі прыроды –грыбы і ягады! Гуляеш у царстве сосен ды елак, бярозак ды дубкоў, клёнаў ды асінак і дзіву даешся: якая ж багатая маці-прырода! Якраз у жнівені спеюць у лесе талакнянка і брусніцы, ажыны і касцяніцы.

Касцяніца – шматгадовая расліна сямейства ружакветкавых. Цвіе яна напрыканцы мая – пачатку чэрвеня невялічкімі белымі кветачкамі, у якія любяць зазірнуць руплівыя пчолкі. Плод касцяніцы – даволі вялікая ягада з костачкамі, якую батанікі называюць многакасцянка. У спелыя рубінавыя суплоддзі ўваходзіць па некалькі невялічкіх крыху сплюшчаных ягад-пацерак – звычайна не болей пяці-шасці, якія і ўтвараюць суплоддзе. У кожнай з гэтых ягадак схавана па даволі вялікай (амаль як у граната) костачцы, адкуль расліна і атрымала сваю назву. Яны маюць прыемны кіславаты смак, таксама некалькі нагадваючы гранатавы. Таму расліну іншы раз і называюць лясным гранатам. Сухія молатыя костачкі касцяніц можна выкарыстоўваць у прыгатаванні розных страў. У народзе гэтая расліна мае і другія назвы: касцяніга, костріца, касцяніца, касцяніка, косціка, камяніка альбо каменная маліна.

Распаўсюджана расліна ў зоне ўмеранага клімату Паўночнага паўшар’я. На тэрыторыі нашай краіны сустракаецца даволі часта і амаль ва ўсіх раёнах. Расце касцяніца пад полагам хвойных і шырокалістых дрэў. Дзе-нідзе ў лесе можна сустрэць і цэлыя яе зараслі. З такіх “дзікіх градак” у некаторыя гады можна сабраць некалькі кілаграмаў ягад.

Касцяніца  з’яўляецца лекавай раслінай: і кветкі, і сцябліны з лісцем, і ягады і нават карнявішча. З іх гатуюць розныя адвары і настоі, а з ягад робяць морс, сок, сіроп, жэле, варэнне, павідла, кампоты.

Цікава, што кастяніцы з’яўляюцца яшчэ і жывым лясным барометрам: у сухую пагоду лісце расліны скручваецца ў трубачку, а перад дажджом, наадварот, разгортваецца ды распрамляецца. Пакаштаваць кісла-салодкіх ягад касцяніц і паназіраць за гэтай раслінай можна ў Белавежскай пушчы.


АПОШНІЯ АКОРДЫ ЛЕТА

Жнівень – мяжа чырвонага лета і залатой восені. Ужо з першых жнівеньскіх дзён і, асабліва, начэй, адчуваецца яе подых. Дні становяцца карацейшымі, а ночы – даўжэйшымі. Часцей выпадаюць туманы, а ранішняя прахалода становіцца больш адчувальнай.

Заканчваецца жніво. Першыя залацістыя лісточкі з'яўляюцца на беластвольных прыгажунях- бярозках, быццам кропелькі чырвонай крыві вісяць ягады воўчага лыка, пачынаюць ружавець брусніцы і журавіны, у садзе спеюць яблыкі ды грушы, жоўтая і чырвоная алыча.

Напрыканцы месяца паспеюць жалуды ды арэхі, якімі лясныя жыхары папоўняць свае кладоўкі. Напрыклад, вавёркі зносяць дары лесу ў свае дуплы, а сойкі наўняюць жалудамі не толькі розныя шчыліны і дуплы, але нават і шпакоўні, што размешчаны на ўскрайках лесу. Частка іх губляецца па дарозе да схованак, аб некаторых птушкі і жывёлы забываюць, і яны прарастуць наступнай вясной. Так лясныя жыхары дапамагаюць распаўсюджваць насенне.

У гэты час у лесе шмат грыбоў: баравікі, падасінавікі, лісічкі, сыраежкі  самі просяцца ў кошык – надышоў час “ціхага палявання”. Нельга забываць, што сярод грыбоў сустракаюцца і атрутныя бледныя паганкі і мухаморы, несапраўдныя лісічкі ды апенькі – іх збіраць нельга.

Паціху спыняецца жыццё і ў вадаёмах: заканчваецца цвіценне вады і яна становіцца больш чыстай і празрыстай.

Прыемным водарам напоўнены жнівеньскі лес у час, калі цвіце ліловы верас. Пчолкі ва ўсю моц збіраюць апошнія кропелькі каштоўнага цёмнага мёду.

Буслы і ластаўкі збіраюцца ў зграі: яны першымі адлятаюць ў вырай. Набліжаецца восень.


ЛІПЕНЬ – ВЯРШЫНЯ ЛЕТА

Вось ужо і сярэдзіна лета, яго вяршыня – ліпень. Гэта самы цёплы і адначасова самы дажджлівы месяц года. Менавіта ў гэтым месяцы дажджы, хоць і кароткачасовыя, большай часткай бываюць у выглядзе ліўняў з навальніцамі, але ўсё ж такі цёплыя. Багацце вільгаці ды цяпла спрыяюць буйнаму развіццю расліннасці: і сельскагаспадарчых культур, і пустазелля.

На агародах цвітуць бульба, агуркі, памідоры… А хто раней пасадзіў агародніну, той ужо збірае ўраджай. Паспявае жыта, сярод пасеваў якога раслюшчылі свае блакітныя вочкі шматлікія валошкі. Па тоненькім стволікам збожжа паўзе ўверх мышыны гарошак, учапіўшыся сваімі доўгімі сцяблінамі, з якіх звісаюць ліловыя суквецці-гронкі. На лузе, узлеску, уздоуж дарог цвітуць разнастайныя герані. Прыемным духмяным пахам напоўнены лес у час, калі цвіце чабор. На ўзлеску і ўскрайках шырокіх палянак раскрыліся ружовыя суквецці іван-чаю. Дзе-нідзе на палянцы яшчэ можна знайсці некалькі ягад суніц – іх пара ўжо прайшла, але надышоў час чарніц, буякоў, а следам і маліны. Усе, напэўна, ведаюць, што маліна, таксама як і мёд, асабліва ліпавы, з’яўляецца першым лекам ад прастуды.

Духмяным салодкім водарам напоўнена паветра, калі цвіце ліпа. Сваім пахам яна прываблівае не толькі пчолак, але і самых розных жучкоў, якія таксама любляць падсілкавацца яе няктарам. Пчолкам няма калі адпачываць: з самага ранку і да позняга вечара яны працуюць, збіраючы мёд, таму што ліпа цвіце толькі каля 2 тыдняў і толькі ў гэтым месяцы. За гэта ён і атрымаў такую назву – ліпень.

Ў Белавежскай пушчы цвіце пылкагалоўнік чырвоны

На прыканцы чэрвеня ў дубровах і змешаных лясах Белавежскай пушчы цвіце рэдкі від – пылкагалоўнік чырвоны. Гэта шматгадовая расліна з сямейства Ятрышнікавых, занесеная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь па трэцяй сазалагічнай катэгорыі, а таксама ў спіскі  ахоўваемых аб’ектаў іншых краін. Пылкагалоўнік –  паўднёва-еўрапейскі немаральны рэліктавы від, які знаходзіцца ў нашай краіне на паўночна-ўсходняй мяжы даволі шырокага, хаця і дыз’юнктыўнага арэала. Ён расце, часцей за ўсё, на багатых урадлівых глебах. У Беларусі распаўсюджаны амаль па усёй тэррыторыі, за выключэннем паўночных раёнаў. Але сустракаецца рэдка и амаль заўсёды адзінкавымі асобнікамі.

Цікава, што кветкі пылкагалоўніка маюць спецыяльную “пасадачную пляцоўку” –  ніжні больш светлы пялёстак ружовага венчыка, на якую садзяцца насякомыя. Ix вабяць даволі буйныя (каля 2,5 см) кветкі, сабраныя ў рыхлае коласападобнае суквецце, якія маюць тонкі прыемны водар. Але нектару  казуркі там не знойдуць, хоць некаторыя пісьмовыя крыніцы сведчаць, што ён ёсць. І нават утрымлівае сумесь этанола і наркатычных рэчываў. Як быццам з-за гэтага, напіўшыся яго, восы п’янеюць настолькі, што не могуць нават узляцець.

Але пылкагалоўнік адносіца да тых архідэй, якія бессаромна падманваюць даверлівых апыліцеляў. Такімі “падманкамі” ў яго з’яўляюцца жоўтыя плямы на ніжнім пялёстку, якія ствараюць уражанне багацця пыльцы і прывабліваюць казурак. Апошнія і “перавозяць” палініі з яго пыльцой да наступнай кветачкі.

Паколькі кветкі пылкагалоўніку без прывабнага нектару, ён вымушаны “падрабляцца” пад іншыя расліны – асабліва званочак персікалістны. Таму і апыляюць від тыя ж казуркі, што і званочак. Тым больш, што нават хімічны склад пылкагалоўніка і званочка вельмі падобныя. А афарбоўка кветак у вачах пчол (як вядома, казуркі ўспрымаюць колер інакш, чым людзі) – аднолькавая.

Пасля апылення вырастае верацёнападобная каробачка, якая ўтрымлівае шматлікае насенне. У малюсенечкім насенні няма сфармаванага зародку, а толькі некалькі зачаткавых клетак. Для яго прарастання неабходна, каб у глебе былі ў наяўнасці мікраскапічныя грыбы-сімбіёнты, якія ўсмоктваюць ваду з мінеральнымі рэчывамі. Толькі  пры іх наліку з насення з’явіцца новая расліна. На паверхню глебы яна выходзіць праз 3-5 гадоў ад пачатку падземнага развіцця. Сустрэчы ж з грыбом-сімбіёнтам вельмі праблематычныя. Таму пылкагалоўнік і сустракаецца досыць рэдка.  Ды яшчэ калі ўмовы жыцця для яго неспрыяльныя (напрыклад, моцнае зацяненне), ён можа на доўгі час (нават да 20 гадоў) упадаць у стан вымушанага спакою і весці падземны лад жыцця.

Кветкамі гэтай рэдкай уразлівай расліны можна палюбавацца ў Белавежскай пушчы амаль да сярэдзіны ліпеня.

ЧЭРВЕНЬ – МЕСЯЦ СЕНАКОСАЎ

Надышло лета – самая цёплая і жаданая пара года. У вучняў пачаліся летнія канікулы: хтось адпачывае ў лагеры альбо паехаў да бабулі і дзядулі, а хтось застаўся дома ды дапамагае бацькам. Выпуснікі здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне – рыхтуюцца да паступленняў.

Чэрвень – месяц самых светлых, доўгіх днеў і самых кароткіх ночаў. Гэта пара загатоўкі сена для жывелы на зіму. Менавіта ў гэтым месяцы на лугах расцілаюцца прыгожыя шырокія дываны з рознакаляровага густога разнатраўя, сярод якога стракочуць шматлікія конікі і над якімі снуюць цэлыя раі розных насякомых ды матылькоў.

Прыгожа ў гэты час і ў лесе. У самым пачатку месяца цвітуць маліна і ажына, над якімі таксама cнуюць чмялі, што збіраюць сотні кілаграмаў каштоўнага дару прыроды і напаўняюць паветра ўстойлівым водарам мёду. Наогул, не злічыць усіх раслін, хмызнячкоў і хмызнякоў, што цвітуць у чэрвені: бружмель звычайны і шыпшына, ядловец і белая акацыя, брусніцы… На лясных палянах радуюць сваімі кветачкамі крынічнік дуброўны, разнастайныя званочкі і рамонкі, валер’ян лекавы, чабор і многія іншыя траўкі. Паспяваюць ягады – спачатку чырвоныя суніцы – самыя першыя смачныя ягады нашых мясцін. Уся расліна суніцы з’яўляецца лекавай: і плады, і лісце, і сцябліны. За суніцамі паспяваюць чарніцы і буякі – не менш лекавыя ягады.

На балоце цвітуць ятрышнікі альбо зязюлькі, касач жоўты, журавіны. Ужо пакрыўся белым “пушком” падвей похвевы – самая лакамая расліна ласёў. А калі на балоце яго бывае многа, то здаецца, быццам сярод лета выпаў белы снег.

Лета – цудоўная пара, і хочацца, каб яно было цёплым і сонечным, а сонейка песціла нас сваімі промнямі.


Денгубенко А.В., кандидат биологических наук 

Потапчук Т.В., младший научный сотрудник