Глебавая мазаіка на тэрыторыі Пушчы моцна выяўлена і мае складаны генэзіс. Сістэматычны спіс уключае 270 найменняў глебавых рознасцяў, якія ў адпаведнасці з рэгіянальнай класіфікацыяй аб'ядноўваюцца ў 8 тыпаў глеб: бурыя лясныя, дзярнова-падзолістыя, дзярнова палева-падзолістыя, дзярновыя, тарфяна-балотныя нізінныя, тарфяна-балотныя верхавыя, поймавыя (Глебавая карта …, 1982; Таўкач і інш., 1996).
Пад хваёвымі лясамі пераважаюць дзярнова-падзолістыя пяшчаныя глебы.
Суглінкі заняты субарамі і ельнікамі. Складаныя хвойнікі, ельнікі, дубровы займаюць галоўным чынам бурыя лясныя слабаападзольныя двухчленные і мнагачленныя глебы пры глыбіні залягання марэны ад 0,5 да 1,5 м. На вадападзельных участках узровень грунтавых вод знаходзіцца на глыбіні ад 12 да 7 м, на прывадападзельных схілах — 7-4, на паніжэннях — 3-2, у прыбалотным поясе — 1,5-0,9 м.
Гідраморфныя глебы прадстаўлены пераважна тарфяніста-глеявымі, тарфяна-глеявымі і тарфянымі маламоцнымі нізіннымі глебамі, радзей пераходнымі, занятымі чорнаальховымі, пушыстабярозавымі і травяна-асаковымі асацыяцыямі. Верхавыя тарфянішчы параўнальна невялікімі ўчасткамі сустракаюцца ў замкнёных ці слабасцекавых западзінах. Магутнасць верхавых тарфянішчаў — 2-3,5 м, максімум — 5 м.