Вынікі года па ферамонным наглядзе за вяршынным караедам і караедам-тыпографам падвялі ў лясным аддзеле нацыянальнага парку. Лесапаталагічная сітуацыя ў Белавежскай пушчы застаецца пад надзейным кантролем спецыялістаў.
Маніторынг санітарнага стану лясоў і лесапаталагічных працэсаў ажыццяўляўся лесаахоўнай службай падчас правядзення рэкагнасцыровачнага, дэталёвага і ферамоннага наглядаў, а таксама бягучых лесапаталагічных абследаванняў лясных насаджэнняў. У 2018 годзе для назірання за вяршынным караедам у насаджэннях нацыянальнага парку і лесапаляўнічых гаспадарках было ўсталявана 289 ферамонных пастак. Варта адзначыць, што найбольшую пагрозу вяршынны караед уяўляе для хваёвых насаджэнняў на перыферыі нацыянальнага парку (Сухопальскае і Рэчыцкае лясніцтва), якія прадстаўлены тут пераважна сярэднеўзроставымі монадамінантнымі хваёвымі дрэвастоямі штучнага паходжання. У высокаўзроставых хваёвых насаджэннях на астатняй тэрыторыі нацыянальнага парку колькасць шкодніка вельмі нізкая. Адзначаецца нязначнае павелічэнне колькасці жукоў I пакалення пры супастаўленні дадзеных ферамоннага маніторынгу за 2017 і 2018 гады.
Дзеля кантролю і стабілізацыі лесапаталагічнай сітуацыі, падтрымання належнага санітарнага стану ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча” рэалізоўваецца інтэграваная сістэма абароны лясоў, якая ўключае лесапаталагічны маніторынг і комплекс прафілактычных, ахоўных і санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Планам лесаахоўных мерапрыемстваў прадугледжаны ферамонны нагляд за вяршынным караедам і караедам-тыпографам на 2019 год.